ВАЛЧАНЕ́ЦКАЯ Валянціна Фёдараўна

(9.12.1898, г. Ніжні Ноўгарад — 5.5.1980),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1917—20) і прыватна ў В.Пятровай-Званцавай. Працавала ў Смаленскім перасоўным т-ры, у оперных т-рах Тбілісі, Саратава, Баку і інш. У 1940—57 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, выдатнымі акцёрскімі здольнасцямі, была тонкім, удумлівым інтэрпрэтатарам. Сярод партый: у операх бел. кампазітараў — Ганка, Агата («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Сцепаніда («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных операх — Графіня («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.Даргамыжскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Няня («Дэман» А.Рубінштэйна).

Літ.:

Смольскі Б.С. Майстар музычнай справы. // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.С.Смольскі.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)