Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Валодзін Віктар Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 360

ВАЛО́ДЗЬКА Іосіф Ігнатавіч

(ліст. 1887, в. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. У 1918 сакратар Замір’еўскага падп. падрайкома РКП(б). З 1919 пам. ваенкома ў Навагрудку, ваенком Рагачоўскага пав., з 1920 ваенком Гомельскай губ. З 1922 старшыня выканкома Магілёўскага павятовага, Бабруйскага раённага Саветаў. З 1928 нам. наркома земляробства БССР. У 1929—30 старшыня Віцебскага акр., з 1931 Мінскага гар. выканкомаў. У 1933—37 нач. упраўлення сувязі БССР, упаўнаважаны Наркамата сувязі СССР па БССР, з 1937 — па Казахскай ССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1929—37. Чл. ЦВК СССР і ЦВК БССР. Рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 3, с. 483

ВАЛО́ДША,

ізяслаўскі князь сярэдзіны 12 ст. Магчыма, сын полацкага кн. Васількі Святаславіча. У 1159 непаўналетнім пасаджаны на княжанне ў Ізяслаўлі са старэйшым братам Брачыславам. Пасля нападу Глебавічаў ён адпраўлены ў палон у Мінск, Брачыслава закавалі ў жалеза. У час паходу на Менск у 1160 полацкі кн. Рагвалод вызваліў братоў. У 1180 у паходзе на Друцк удзельнічаў Андрэй Валодшыч, магчыма, сын Валодшы.

т. 3, с. 483

ВАЛО́ЖЫН,

горад у Беларусі, цэнтр Валожынскага р-на Мінскай вобл., на р. Валожынка. За 75 км ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Валожын на лініі Маладзечна—Ліда, на аўтастрадзе Мінск—Гродна. 11,5 тыс. ж. (1995).

Вядомы з 14 ст. Каля 1475 тут засн. касцёл. У розныя часы належаў Манівідам, Вярэйскім, Гаштольдам, Радзівілам. Служкам, Чартарыйскім, Тышкевічам. З 1551 мястэчка ў Ашмянскім пав Віленскага ваяв. У 1681 тут заснаваны касцёл і кляштар бернардзінцаў (ліквідаваны ў 1864), каля 1683 — правасл. брацтва, у 1710 пабудавана уніяцкая царква. У пач. 18 ст. ў Валожыне 107 двароў, 2 касцёлы, 2 царквы. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1806—92 дзейнічала яўр. духоўная акадэмія (ешыбот), 2 школы, З царквы, сінагога, аптэка, шпіталь, суконная ф-ка, праводзіліся 4 кірмашы на год. У 1897 — 4533 ж. У 1918 горад акупіраваны герм., вясной 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Валожынскага павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Валожынскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 2 тыс. чал. У 1969 — 5,8 тыс. жыхароў.

У Валожыне прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр. прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Валожынскі палац, касцёл св. Юзафа (1816), царква Канстанціна і Алены (1866). Помнік Вызвалення.

т. 3, с. 483

ВАЛО́ЖЫН Арлен Іосіфавіч

(н. 9.1.1935, Мінск),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1987), праф. (1990). Скончыў Лесатэхн. акадэмію (Ленінград, 1957). У 1957—60 у Ін-це хіміі, з 1965 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па хіміі палімераў. Распрацаваў метады сінтэзу хім. мадыфікацыі поліімідаў для мікраэлектронікі і поліэтылентэрэфталату для вьгтв-сці валокнаў і плёначных матэрыялаў.

т. 3, с. 484

ВАЛО́ЖЫНКА,

рака ў Беларусі, у Валожынскім р-не Мінскай вобл., правы прыток Іслачы (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 168 км².

Пачынаецца каля в. Брылькі на зах. схілах Мінскага ўзв., цячэ праз г. Валожын. Асн. прыток р. Рачоўка. Рэчышча ў вярхоўі слабазвілістае, у ніжнім цячэнні на працягу 22 км каналізаванае. Берагі стромкія, ніжэй ад г. Валожын абрывістыя. У пойме сетка меліярац. Каналаў.

т. 3, с. 484

ВАЛО́ЖЫНКІ вёска ў Беларусі, у Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Глыбокае—Браслаў. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПнЗ ад гар. пасёлка і чыг. ст. Шаркаўшчына, 233 км ад Віцебска. 181 ж., 72 двары (1996).

т. 3, с. 484

ВАЛО́ЖЫНСКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў у 1921—40 на тэр. Зах. Беларусі і БССР. Утвораны 4.2.1921 у складзе Навагрудскага ваяв. Польшчы. Пл. 3545 км², нас. 98 511 чал. (1919). Цэнтр павета — г. Валожын. Уключаў 11 гмін: Бакштаўскую, Валожынскую, Вішнеўскую, Волменскую (з 1926), Дзераўнянскую (да 1926), Івянецкую (з 1926), Іўеўскую і Ліпнішскую (да 1926), Налібоцкую, Палачанскую (да 1926), Пяршайскую (з 1926), Седлішчанскую, Суботніцкую (да 1926). З ліст. 1939 у складзе БССР, са снеж. ў Баранавіцкай вобл., дзе ў студз. 1940 на яго тэр. ўтвораны Валожынскі раён.

т. 3, с. 484

ВАЛО́ЖЫНСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1806 (арх. А.Касакоўскі) у г. Валожын Мінскай вобл., на беразе р. Валожынка. Фундатар і ўладальнік граф Ю.Тышкевіч. Аднапавярховы мураваны палац і бакавыя флігелі ўтвараюць прамавугольны парадны двор. Палац мае сіметрычную кампазіцыю, накрыты 2-схільным вальмавым дахам са сферычным купалам у цэнтры. Франтальныя фасады ў цэнтры вылучаны рызалітамі з трохвугольнымі франтонамі. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя сандрыкі, пілястры. Флігелі — прамавугольныя ў плане 1-павярховыя будынкі, іх цэнтр. часткі з мансардамі вылучаны 4-калоннымі дарычнымі порцікамі.

т. 3, с. 484

ВАЛО́ЖЫНСКІ РАЁН,

на З Мінскай вобл. Беларусі. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 50,7 тыс. чал. (1996), гарадскога 32,3%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал/км². Цэнтр раёна — г. Валожын, г.п. Івянец; 433 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 17 сельсаветаў: Бабровіцкі, Багданаўскі, Валожынскі, Вішнеўскі, Гародзькаўскі, Дорскі, Забрэжскі, Залескі, Івянецкі, Падбярэзскі, Падневіцкі, Пяршайскі, Ракаўскі, Сакаўшчынскі, Сугваздаўскі, Узбалацкі, Яршэвіцкі. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) каля 30% тэр. раёна (у т. л. Налібоцкая пушча) забруджана радыенуклідамі.

Раён у межах паўн.-зах. ч. Мінскага ўзвышша, паўд.-ўсх. ч. Ашмянскага ўзвышша і паўн. ч. Нёманскай нізіны. Паверхня хвалістая, пераважаюць выш. 150—250 м, найвыш. пункт 335 м (г. Маяк, каля в. Шапавалы). Карысныя выкапні: торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 659 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Гал. рака Бярэзіна (бас. Нёмана) з прытокамі Альшанка, Волка, Іслач (з прытокамі Волма і Валожынка). На р. Бярэзіна Сакаўшчынскае вадасх. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 38% тэр. раёна, найб. лясістасць на ПдЗ. Лясы хваёвыя, яловыя, трапляюцца драбна- і шыракалістыя. Балоты займаюць 3,9% пл., часткова асушаны. На тэр. раёна частка біял. заказніка Налібоцкі.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 70,8 тыс. га, з якіх 15,8 тыс. га асушана. У раёне 25 калгасаў і 1 саўгас, племптушказавод. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу і агародніну. Прадпрыемствы харч. (масла, сыр, сухое малако, цукеркі), лёгкай (ільновалакно, шпагат), дрэваапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Маладзечна—Ліда, аўтадарогі Мінск—Ліда, Валожын—Маладзечна, Валожын—Івянец—Стоўбцы. Транзітны газаправод Мінск—Гродна з адгалінаваннем на Валожын і Пяршаі. У раёне 18 сярэдніх, 22 базавыя, 10 пач. школ, ПТВ, школа-інтэрнат, дзіцячы дом, 5 муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 29 дашкольных устаноў, 40 клубаў, 55 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 31 фельч.-ак. пункт, 5 санаторыяў (2 з іх дзіцячыя). Зона адпачынку «Івянец». Помнікі архітэктуры: касцёл Міхаіла (1844) у в. Багданава; Казьмадзям’янаўская царква і касцёл Марыі (1637—41) у в. Вішнева; цэрквы ў вёсках Гародзькі (1866), Даўбені (1869), Дубіна-Баярская (1868), Забрэззе (1867), Кіявец (1869), Сакаўшчына (1878), Славенск (1868—71), Яршэвічы (2-я пал. 19 ст.); капліца пач. 20 ст. ў в. Дзесятнікі; сядзіба канец 19 — пач. 20 ст. ў в. Залессе; царква (1856) і касцёл (1930) у в. Лоск; капліца (1852) у в. Падневічы; капліца-пахавальня 2-й пал. 19 ст. ў в. Пральнікі; касцёл пач. 20 ст. ў в. Пяршаі; Праабражэнская царква (1793), капліца 2-й пал. 19 ст., касцёл (1906) у в. Ракаў; палац канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Рудня; капліца канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Цвіраўшчына. Помнікі прыроды — валун ружовага граніту ў в. Камень, валун граніту рапаківі каля в. Кучкуны і інш. Выдаецца газ. «Працоўная слава».

Г.С.Смалякоў.

т. 3, с. 484