ВАЛО́ДША,

ізяслаўскі князь сярэдзіны 12 ст. Магчыма, сын полацкага кн. Васількі Святаславіча. У 1159 непаўналетнім пасаджаны на княжанне ў Ізяслаўлі са старэйшым братам Брачыславам. Пасля нападу Глебавічаў ён адпраўлены ў палон у Мінск, Брачыслава закавалі ў жалеза. У час паходу на Менск у 1160 полацкі кн. Рагвалод вызваліў братоў. У 1180 у паходзе на Друцк удзельнічаў Андрэй Валодшыч, магчыма, сын Валодшы.

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)