Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АПЛАДНЕ́ННЕ,

сінгамія, працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет); аснова палавога размнажэння ў раслін, жывёл і чалавека. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, якая дае пачатак новаму арганізму. Пры гэтым аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, характэрны для саматычных клетак арганізма, і забяспечваецца перадача спадчынных прыкмет ад бацькоў да нашчадкаў.

Адрозніваюць апладненне вонкавае, калі палавыя клеткі зліваюцца па-за арганізмам, і ўнутранае, якое адбываецца ўнутры палавых органаў індывіда (перакрыжаванае апладненне і самаапладненне). У жывёл і чалавека апладненню папярэднічае асемяненне. У жывёл з унутраным апладненнем (пераважна наземныя жывёлы) ёсць спец. прыдаткавыя палавыя органы для пераносу спермы з цела самцоў у цела самак. У большасці жывёл, што жывуць у вадзе (ігласкурыя, малюскі, некаторыя рыбы і земнаводныя), назіраецца вонкавае апладненне: у навакольным асяроддзі адкладаюцца яйцаклеткі і сперма, дзе і зліваюцца. У шэрагу раслін (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці) тыповы палавы працэс, у т. л. апладненне, адсутнічае. У ніжэйшых раслін назіраюцца розныя віды палавога працэсу: ізагамія, анізагамія, аагамія, кан’югацыя і інш. Вышэйшым раслінам уласціва аагамія. У голанасенных і пакрытанасенных раслін апладненню папярэднічае апыленне. У пакрытанасенных ажыццяўляецца т.зв. двайное апладненне.

т. 1, с. 428

АПЛАЗІ́Я,

гл. ў арт. Заганы развіцця.

т. 1, с. 428

АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,

узнагароджанне ў грашовай ці натуральнай форме, якое выплачваецца работніку за працу, выкананую ў справаздачны перыяд. Уключае: заработную плату, выплаты і дапамогі з фондаў сац. страхавання (пенсіённага, занятасці, сац. абароны насельніцтва і інш.); сац. дапамогі, што выплачваюцца непасрэдна прадпрыемствамі і арг-цыямі (даплаты да пенсій, выплаты ў сувязі з вытв. траўмай ці гібеллю на вытв-сці); дапамогі па беспрацоўі; пенсіі ваеннаслужачым. Узровень аплаты працы вызначаецца па суме ўсіх гэтых налічэнняў без выліку падаткаў і інш. утрыманняў у адпаведнасці з заканадаўствам.

т. 1, с. 428

АПЛІКАТУ́РА,

спосаб размяшчэння і парадак чаргавання пальцаў пры ігры на муз. інструменце, а таксама яго абазначэнне ў нотах. Залежыць ад спецыфікі канструкцыі інструмента і прыёмаў ігры на ім, ад індывід. асаблівасцяў будовы рук выканаўцы. Зручная аплікатура — дзейсны сродак выразнасці выканання твора.

І.Дз.Назіна.

т. 1, с. 428

АПЛІКА́ЦЫЯ

(ад лац. applicatio прыкладванне),

у мастацтве спосаб стварэння дэкору (арнаменту, малюнкаў) і тэатр. дэкарацый, аздаблення адзення, прадметаў побыту і інш. нашываннем ці наклейваннем рознакаляровых кавалачкаў матэрыялаў (тканіны, паперы, саломы, скуры) інш. колеру ці фактуры; твор, выкананы такім спосабам. Пашырана ў многіх народаў свету: украінцаў, чэхаў (аплікацыя саф’янам і сукном скураной вопраткі), палякаў (аплікацыя папяровых выцінанак), манголаў (аплікацыя сукном, лямцам і скураю юртаў, дываноў, сумак), народаў Д. Усходу (аплікацыя футрам і рыбінай скурай дываноў і адзення) і інш. Здаўна вядомая на Беларусі. Аплікацыямі аздаблялі побытавыя рэчы, адзенне; аднатоннымі ці паліхромнымі кавалачкамі саломы, наклеенымі ў выглядзе геам. і стылізаваных раслінных узораў, упрыгожвалі драўляныя куфэркі, сальніцы, рамкі; аплікацыі саломкай па чорным палатне аздаблялі насценныя дываны. З канца 19 ст. аплікацыямі з кавалачкаў фабрычных тканін аздаблялі адзенне (Брэстчына), часам канцы ручнікоў (Случчына). У наш час у тэхніцы аплікацый саломай аздабляюць сувенірныя куфэркі, каробкі, пано і інш.

У літаратуры аплікацыя — уплятанне ў вершаваны тэкст вядомага выслоўя (прымаўкі, радка з песні, верша і інш.). На выкарыстанні нар. прымавак заснаваны верш П.Панчанкі «Простыя ісціны», радкоў з нар. песні «Дробненькі дожджык дый накрапае» — аднайменны верш Р.Барадуліна. Своеасаблівы від аплікацыі — уключэнне ў вершаваны тэкст назваў твораў або кніг вядомага пісьменніка, мастака: «То не плач яго Бандароўны, // А зажынкавы спеў ля гаю, // Што калісьці было безназоўным, // і імя і спадчыну мае» (С.Ліхадзіеўскі. «Светлай памяці Янкі Купалы»).

Я.М.Сахута (мастацтва), В.П.Рагойша (літаратура).

т. 1, с. 428

АПЛІ́Т

(ад грэч. haploos просты),

жыльная магматычная горная парода. Раўнамерна- і дробназярністая, бедная слюдой і інш. каляровымі мінераламі. Адрозніваюць гранітныя (найб. пашыраныя), дыярытавыя, сіенітавыя і інш. Шчыльн. 2500—2700 кг/м³. Сярэдні хім. састаў (% па масе) гранітных аплітаў: SiO2 75, Al2O3 13,4, K2O 4,8, Na2O 3,54, CaO 1,13 і інш. Выкарыстоўваецца ў шкляной прам-сці, як сыравіна на друз.

т. 1, с. 428

АПЛО́МБ (франц. aplomb літар. раўнавага) у харэаграфіі, упэўненая, свабодная манера выканання; уменне захоўваць у раўнавазе ўсе часткі цела. Тэрмін «апломб» ідзе ад прыёмаў віртуознай тэхнікі танца 18 ст. — «рабіць апломб» значыла заставацца ў раўнавазе на паўпальцах некалькі тактаў; у 1-й трэці 19 ст. — устойлівасць на кончыках пальцаў.

т. 1, с. 428

АПЛЫ́ВІНА,

ссоўванне (аплыванне) уніз па схіле слоя глебы або рыхлых парод ад пераўвільгатнення. Паходжаннем аплывіны блізкія да апоўзняў, толькі меншых памераў (шыр. да некалькіх метраў, глыб. да 1 м). Фарміруюцца ва ўмовах празмернага ўвільгатнення пры насычэнні глебаў і грунтоў талымі, дажджавымі або грунтавымі водамі да гразепадобнага стану. Трапляюцца ў раёнах шматгадовай мерзлаты, на незадзернаваных насыпах. У Беларусі пашыраны на лёсападобных пародах схілаў Мінскага, Навагрудскага і Аршанскага ўзвышшаў.

т. 1, с. 428

АПНО́Э

(ад а... + грэч. pnoē дыханне),

часовае спыненне дыхальных рухаў у чалавека і жывёл. Настае пасля фарсіраванага дыхання пры недахопе ў крыві вуглякіслага газу, моцнага павышэння артэрыяльнага крывянога ціску або раздражненнямі скуры (напр., халоднай вадой), у нованароджаных — адразу пасля нараджэння ад лішку кіслароду ў крыві. Адрозніваецца ад асфіксіі, якая ўзнікае пры кіслародным галаданні і лішку вуглякіслага газу.

т. 1, с. 428

АПО́ВЕСЦЬ,

празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл. Эпас), пераходны паміж апавяданнем і раманам. Ад апавядання адрозніваецца больш шырокім ахопам рэчаіснасці, больш складаным сюжэтам, шматгранным раскрыццём характараў. У цэнтры класічнай аповесці, як правіла, адна сюжэтная лінія, адзін герой. Сучасная аповесць ахопам і канцэнтрацыяй жыццёвага матэрыялу, па многіх фармальных рысах набліжаецца да рамана.

Як назва жанру л-ры бытуе з часоў Кіеўскай Русі. Тады аповесцю называлі самыя розныя па форме творы гіст., ваен. і рэліг. зместу (гл. Аповесць старажытнаруская), часта яна мела форму хронікі ці летапісу. З твораў стараж. бел. л-ры да жанру тагачаснай аповесці можна аднесці «Дыярыуш» А.Філіповіча (1646), Баркулабаўскі летапіс, перакладныя творы — «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Трою», «Александрыю».

У сучасным разуменні аповесць пачала складвацца ў рус. л-ры ў 19 ст. Тыповая, «чыстая» форма аповесці — гэта пераважна твор біягр. характару, маст. хронікі: дылогія С.Аксакава, «Запіскі з Мёртвага дому» Ф.Дастаеўскага, «Стэп» А.Чэхава, трылогіі Л.Талстога, М.Горкага і інш.

Пачынальнікі сучаснай бел. аповесці (і рамана) — Ц.Гартны («Бацькава воля», 1-я ч. «Сокаў цаліны», 1916), М.Гарэцкі (драматызаваная аповесць «Антон», 1919; дакумент. аповесць «На імперыялістычнай вайне», 1926), Я.Колас («У палескай глушы», 1921—22). Пра сталасць жанру аповесці ў бел. л-ры сведчыць ахоп самых розных аспектаў жыцця, філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці, пільная ўвага да чалавека, маст. вытлумачэнне яго псіхалогіі рэальнай складанасцю ўзаемаадносін характару і абставін, асобы і грамадства: «Апошняя сустрэча» Я.Брыля, «Агонь і снег», «Гандлярка і паэт» І.Шамякіна, «Тартак», «Найдорф» І.Пташнікава, «Сотнікаў», «Абеліск», «Знак бяды», «Сцюжа» В.Быкава, «Хатынская аповесць», «Карнікі» А.Адамовіча, «Суд у Слабадзе» В.Казько, «Зона маўчання» С.Грахоўскага, «Пад сузор’ем сярпа і молата» Б.Сачанкі, «Сны імператара» У.Арлова і інш.

Літ.:

Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць, Мн., 1971.

П.К.Дзюбайла.

т. 1, с. 428