Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫТУНЁВА-МАХО́РАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, якая нарыхтоўвае тытунёвую і махорачную сыравіну, праводзіць ферментацыю тытуню, вырабляе махорачныя і тытунёвыя вырабы.

Тытунёвыя ф-кі ўзніклі ў 17 ст. ў Вялікабрытаніі і Галандыі. На Беларусі Т.-м.п. пачала развівацца ў 18 ст. У 1860 дзейнічалі 32 Дробныя прадпрыемствы (напр., брэсцкія тытунёвыя мануфактуры). У 1913 было 19 тытунёва-махорачных фабрык, з іх найб.: Гродзенская тытунёвая ф-ка, ф-ка «Нёман», акц. т-ва «Шарашэўскі і К°», Лідская і Віцебская ф-кі; выраблена 48 млн. шт. цыгарэт і папярос, 371 тыс. скрынак курыльнай махоркі. У 1940 выпушчана 705 тыс. скрынак курыльнай махоркі. Пасля Вял. Айч. вайны прадпрыемствы адноўлены, пачалі дзейнічаць Мінская тытунёвая ф-ка і тытунёва-ферментацыйны з-Д у Гродне. Да 1975 дзейнічала Віцебская тытунёвая ф-ка. У 2001 найб. буйныя Гродзенская тытунёвая фабрыка і Мінская. Выраблена ў 1990—16,4; у 1995—6.2; у 1999—9,3; у 2000—10,4 млрд. шт. папярос і цыгарэт. Т.-м.п. найб. развіта ў ЗША, Індыі, краінах Паўд. Амерыкі.

т. 16, с. 83

ТЫТУНЁВЫЯ ВЫ́РАБЫ,

вырабы з лісця тытуню, а таксама махоркі. Прам-сць выпускае курыльныя Т.в. (папяросы, цыгарэты, цыгары, тытуні для люлькі і курэння і інш.), а таксама жавальную і нюхальную табаку. Для змяншэння ў дыме нікаціну, смол і інш. шкодных рэчываў вырабляюць цыгарэты з фільтрам з ацэтатнага валакна ці спец. паперы. Гл. таксама Тытунёва-махорачная прамысловасць.

т. 16, с. 83

ТЫТУ́НЬ, табака (Nicotiana),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах Амерыкі, Аўстраліі і Палінезіі. На Беларусі культывуюць махорку, якая часам дзічэе, некалькі сартоў і форм Т. сапраўднага, або курыльнага (N. tabacum), крылатага, або пахучага (N. alata), і Сандэра (N. sanderae).

Адна- і шматгадовыя травы. радзей кусты. Сцёблы прамастойныя. простыя або разгалінаваныя, выш. да 2 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, часта залозістаапушанае. Кветкі буйныя, жоўтыя, ружовыя або чырв., сабраныя ў рыхлую мяцёлку. Плод — каробачка. Многія віды маюць (пераважна ў лісці) ядавіты алкалоід нікацін. Выкарыстоўваюцца для атрымання тытунёвых вырабаў. чыстага нікаціну для фармацэўтычнай прам-сці і аховы раслін ад шкоднікаў. Тэхн. і дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Тытунь: 1 — сапраўдны; 2 — крылаты; 3 — Сандэра.

т. 16, с. 83

ТЫТУНЯВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, якая займаецца вырошчваннем тытуню і махоркі для атрымання тытунёвых вырабаў, а таксама некат. арганічных рэчываў. Вырошчваюць тытунь культурны, або курыльны, і махорку. Нягледзячы на пэўную небяспеку для здароўя, тытунь і махорка карыстаюцца вял. попытам. Тытунь патрабуе высокіх т-р паветра (24—28 °C) для прарастання насення, росту і развіцця раслін; значнай вільгаці, вял. колькасці пажыўных рэчываў у глебе. Лепшыя глебы для вырошчвання тытуню — чарназёмы, шэразёмы і каштанавыя. Вырошчванне, уборка і сушка тытуню — працаёмкія працэсы. Т. здаўна існавала ў карэннага насельніцтва Амерыкі, адкуль у канцы 15 — пач. 16 ст. прыйшло ў Іспанію і інш. краіны. На Беларусі яго пачалі вырошчваць з 17 ст. Сусв. плошчы пад пасевамі тытуню больш за 4 млн. га. Асн. вытворцы — Кітай, ЗША, Індыя, Бразілія і Турцыя; развіта Т. таксама ў краінах Зах. Афрыкі, у Аўстраліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Балгарыі, Кубе. У краінах СНД высакаякасны тытунь вырошчваюць у Малдове, на Украіне (Крым), на Пд Расіі, у Таджыкістане, Грузіі і Азербайджане; махорку — у Расіі. На Беларусі махорку раней вырошчвалі ў грамадскіх гаспадарках некат. раёнаў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл. У наш час гэтую культуру ў невял. аб’ёмах вырошчваюць толькі ў асабістых гаспадарках расадным спосабам. Рабіліся спробы (2-я пал. 20 ст.) вырошчваць якасны тытунь у некат. грамадскіх гаспадарках Брэсцкай вобл.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 16, с. 83

ТЫТЫКА́КА (Titicaca),

салёнае возера ў Паўд. Амерыцы, на мяжы Перу і Балівіі, у Цэнтр. Андах; самае вял. высакагорнае возера на зямным шары (на выш. 3812 м). Пл. 8,3 тыс. км². Даўж. 150 км, шыр. да 70 км, глыб. да 304 м. Катлавіна тэктанічнага паходжання, берагі парэзаныя, месцамі стромкія, густа парослыя трыснягом. У возера ўпадае 45 рэк (найб. р. Раміс) і ручаёў, сцёк па р. Дэсагуадэра ў воз. Паапо. Замярзае каля берагоў. Т. — рэшткі вялікага стараж. вадаёма. Рыбалоўства. Суднаходства. Найб. горад і порт — Пуна (Перу). На паўд.-ўсх. беразе і астравах помнікі стараж.-індзейскай культуры ціаўанака.

т. 16, с. 83

ТЫ́ФЫ (ад грэч. typhos зацямненне свядомасці),

вострыя інфекц. хваробы, якія характарызуюцца ліхаманкай, інтаксікацыяй і з’явамі парушэння (зацямнення) свядомасці. Адрозніваюць брушны тыф, зваротны тыф, сыпны тыф, паратыфы, клешчавы Т. Кожны з Т. мае па некалькі клінічных форм (напр., брушны Т. бывае абартыўны, амбулаторны, гемарагічны).

т. 16, с. 83

ТЫХУА́НА (Tijuana),

горад на ПнЗ Мексікі, у штаце Ніжняя Каліфорнія Паўночная, каля граніцы з ЗША. Каля 800 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр раёна арашальнага земляробства (бавоўна, фрукты, агародніца, збожжавыя). Прам-сць: харчасмакавая, у т. л. тытунёвая; бавоўнаачышчальная, тэкст., цэлюлозна-папяровая; прадпрыемствы кампаній ЗША па вытв-сці спажывецкіх тавараў. Цэнтр гандлю з ЗША. Транзітны пункт для амер. турыстаў.

т. 16, с. 83

ТЫ́ХЫ (Tychy),

горад на Пд Польшчы ў Верхнесілезскай агламерацыі, у Шлёнскім ваяводстве. Каля 200 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр здабычы каменнага вугалю. Прам-сць: аўтамабілебуд., электронная, цэлюлозна-папяровая, хім., харчасмакавая, у т. л. піваварная.

т. 16, с. 84

ТЫ́ЦЫУСА—БО́ДЭ ПРА́ВІЛА,

эмпірычнае правіла, якое ўстанаўлівае залежнасць паміж адлегласцямі планет ад Сонца. Прапанавана ням. вучоным І.​Тыцыусам (1766), стала вядома з прац ням. астранома І.​Бодэ (1772).

Паводле Т.—Б.п. адлегласці планет ад Сонца знаходзяцца па формуле: 10 an = 3 × 2n − 1 + 4 , дзе an — адлегласць, выражаная ў астр. адзінках, n — нумар планеты. пачынаючы ад Венеры (для Меркурыя 1-ы член сумы роўны нулю.). Дакладнасць вызначаных адлегласцей каля 3%. Тэарэтычна Т.—Б.п. не растлумачана.

т. 16, с. 84

ТЫЦЫЯ́Н [Titien; сапр. Тыцыяна Вечэліо (Tiziano Vecellio); 1488/89, г. Венецыя, Італія — 27.8.1576],

італьянскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Вучыўся ў С.​Цуката, Джэнтыле Беліні, Джавані Беліні, Джарджоне. Працаваў пераважна ў Венецыі, а таксама ў Падуі (1506), Ферары (1516 і 1523), Мантуі (1536—37), Урбіне (1542—44), Рыме (1545—46), Аўгсбургу (1548 і 1550—51). Раннія творы з іх цікавасцю да пейзажу, паэтычнасцю, лірычнай сузіральнасцю, тонкім каларытам («Хрыстос і грэшніца», т.зв. «Цыганская мадонна») блізкія да работ Джарджоне. Пасля знаёмства з работамі Рафаэля і Мікеланджэла Т. выпрацаваў самастойны стыль, адметны пошукам ідэалу велічнай, гарманічнай і спакойнай прыгажосці: «Святая гутарка», «Саламея», «Маладая жанчына за туалетам», «Любоў зямная і нябесная», «Мадонна з вішняй», «Флора» (каля 1515), «Дынарый кесараў» (1518). Пазней ствараў манум. алтарныя карціны, адметныя велічным пафасам, адчувальнасцю прасторы («Унебаўзяцце Марыі», каля 1516—18, царква Санта-Марыя Гларыёза дэі Фрары, Венецыя), творы на евангельскія і міфалагічныя тэмы («Свята Венеры», 1518; «Палажэнне ў труну», 1520-я г.; «Увядзенне ў храм», 1534—38; «Венера Урбінская», 1538), якім уласцівы гучны каларыт, засн. на інтэнсіўных кантрастах сініх і чырв. колераў, багаты арх. фонамі з невял. жанравымі сцэнамі і быт. дэталямі. Пісаў спакойныя і строгія па кампазіцыі, багатыя адценнямі, тонка псіхал. партрэты («Мужчынскі партрэт», «Юнак з пальчаткай», каля 1520). У 1530—40-я г. аддаваў перавагу партрэтам сваіх сучаснікаў, у якіх праз позу, ракурс, жэст, колеравы строй перадаваў розныя, часам супярэчлівыя рысы іх характараў: «Іпаліта Медычы» (1532—33), «Ла Бела» (каля 1536), «П’етра Арэціна» (1545), «Папа Павел III з Алесандра і Атавіо Фарнезе» (1545—46). У позні перыяд творчасці дасягнуў вяршынь у жывапісным майстэрстве і ў эмацыянальна-псіхал. выяўленні рэліг. і міфалагічных тэм: «Даная» (каля 1554), «Венера і Адоніс» (1554), «Палажэнне ў труну» (1559), «Венера перад люстэркам» (1550-я г.), «Марыя Магдаліна каецца» (1560-я г.), «Аплакванне Хрыста» (1573—76). У аснове каларыту позніх твораў — найтанчэйшая колеравая гама, падпарадкаваная залацістаму тону; яна будуецца на тонкіх адценнях карычневага, сіне-стальнога, ружова-чырвонага, блякла-зялёнага колераў. Манера пісьма стала выключна свабоднай; кампазіцыю, форму і колер ён будаваў з дапамогай смелай пластычнай лепкі, фарбы накладваў на палатно і пэндзлем, і шпатэлем, і пальцам; празрыстыя лесіроўкі не хавалі падмалёўкі, часам праглядвалася зярністая фактура палатна. Са спалучэння разнастайных гнуткіх мазкоў нараджаліся вобразы трапяткой жыццёвасці і драматызму. Жывапісная тэхніка Т. зрабіла выключны ўплыў на далейшае развіццё сусветнага выяўл. мастацтва.

Літ.:

Смирнова И.А. Тициан и венецианский портрет XVI в. М., 1964;

Лазарев В.Н. Поздний Тициан // Лазарев В.Н. Старые итальянские мастера. М., 1972;

Тициан: [Альбом]. М., 1977;

Поцца Н. Тициан: Пер. с англ. М., 1981.

С.​У.​Пешын.

Тыцыян. Унебаўзяцце Марыі («Асунта»). Каля 1516—18.

т. 16, с. 84