ТЫТУ́НЬ, табака (Nicotiana),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах Амерыкі, Аўстраліі і Палінезіі. На Беларусі культывуюць махорку, якая часам дзічэе, некалькі сартоў і форм Т. сапраўднага, або курыльнага (N. tabacum), крылатага, або пахучага (N. alata), і Сандэра (N. sanderae).

Адна- і шматгадовыя травы. радзей кусты. Сцёблы прамастойныя. простыя або разгалінаваныя, выш. да 2 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, часта залозістаапушанае. Кветкі буйныя, жоўтыя, ружовыя або чырв., сабраныя ў рыхлую мяцёлку. Плод — каробачка. Многія віды маюць (пераважна ў лісці) ядавіты алкалоід нікацін. Выкарыстоўваюцца для атрымання тытунёвых вырабаў. чыстага нікаціну для фармацэўтычнай прам-сці і аховы раслін ад шкоднікаў. Тэхн. і дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Тытунь: 1 — сапраўдны; 2 — крылаты; 3 — Сандэра.

т. 16, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)