ТЫТУНЯВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства, якая займаецца вырошчваннем тытуню і махоркі для атрымання тытунёвых вырабаў, а таксама некат. арганічных рэчываў. Вырошчваюць тытунь культурны, або курыльны, і махорку. Нягледзячы на пэўную небяспеку для здароўя, тытунь і махорка карыстаюцца вял. попытам. Тытунь патрабуе высокіх т-р паветра (24—28 °C) для прарастання насення, росту і развіцця раслін; значнай вільгаці, вял. колькасці пажыўных рэчываў у глебе. Лепшыя глебы для вырошчвання тытуню — чарназёмы, шэразёмы і каштанавыя. Вырошчванне, уборка і сушка тытуню — працаёмкія працэсы. Т. здаўна існавала ў карэннага насельніцтва Амерыкі, адкуль у канцы 15 — пач. 16 ст. прыйшло ў Іспанію і інш. краіны. На Беларусі яго пачалі вырошчваць з 17 ст. Сусв. плошчы пад пасевамі тытуню больш за 4 млн. га. Асн. вытворцы — Кітай, ЗША, Індыя, Бразілія і Турцыя; развіта Т. таксама ў краінах Зах. Афрыкі, у Аўстраліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Балгарыі, Кубе. У краінах СНД высакаякасны тытунь вырошчваюць у Малдове, на Украіне (Крым), на Пд Расіі, у Таджыкістане, Грузіі і Азербайджане; махорку — у Расіі. На Беларусі махорку раней вырошчвалі ў грамадскіх гаспадарках некат. раёнаў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл. У наш час гэтую культуру ў невял. аб’ёмах вырошчваюць толькі ў асабістых гаспадарках расадным спосабам. Рабіліся спробы (2-я пал. 20 ст.) вырошчваць якасны тытунь у некат. грамадскіх гаспадарках Брэсцкай вобл.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 16, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)