Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРЭТ-ГАРТ,

гл. Гарт Ф.Б.

т. 3, с. 302

БРЭХАЎСКІ́Х Леанід Максімавіч

(н. 23.4.1917, в. Стрункіна Архангельскай вобл., Расія),

расійскі фізік. Акад. АН СССР (1968, чл.-кар. 1953). Чл. Польскай АН. Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Пермскі ун-т (1939). У 1954—64 дырэктар Акустычнага ін-та, з 1969 акад.-сакратар Аддзялення акіяналогіі, фізікі атмасферы і геаграфіі Рас. АН. Навуковыя працы па рассейванні рэнтгенаўскіх праменяў у крышталях і вадкасцях, акустыцы і тэорыі распаўсюджвання хваляў. Даследаваў распаўсюджванне гукавых і электрамагнітных хваляў у неаднародных асяроддзях; развіў тэорыю хвалевых палёў кропкавых крыніц у слаіста-неаднародных асяроддзях, тэорыю бакавых, або галаўных, хваляў (выкарыстоўваюцца ў сейсмаразведцы). Адкрыў звышдалёкае распаўсюджванне гуку ў моры (разам з Л.Д.Розенбергам, 1946). Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія СССР 1951, 1976.

Тв.:

Волны в слоистых сферах. М., 1957.

т. 3, с. 302

БРЭХТ

(Brecht) Бертальд (10.2.1898, г. Аўгсбург, Германія — 14.10.1956),

нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, рэжысёр. У 1917—20 слухаў лекцыі па медыцыне, філасофіі, тэатразнаўстве ў Мюнхенскім ун-це. Літ. дзейнасць пачаў у 1914 антываен. вершамі. У 1933—47 у эміграцыі. Заснавальнік і кіраўнік тэатра «Берлінер ансамбль» (1949—51). У процівагу драматычнаму (арыстоцелеўскаму) стварыў т.зв. «эпічны тэатр» (неарыстоцелеўскі), асн. прынцыпы якога — зварот да розуму і аналітычных здольнасцей (а не эмоцый), супрацьпастаўленне гледачоў падзеям на сцэне (а не суперажыванне). Гал. роля адводзілася «эфекту адчужэння», які дазваляў паказаць вядомае з нечаканага боку і дасягаўся праз мноства прыёмаў: выкарыстанне класічных сюжэтаў, адмаўленне ад падкрэсленай псіхалагізацыі і індывідуалізацыі, часта адсутнасць гіст. касцюма, непасрэдная апеляцыя да публікі, пантаміма, зонгі, спрошчаны рэквізіт, уключэнне ў спектаклі кінакадраў і г.д. Аўтар п’ес «Што той салдат, што гэты» (1927; паст. Бел. т-рам Я.Купалы, 1969), «Трохграшовая опера» (1928; паст. Дзярж. рус. драм. N-рам, 1962; «Маці» (1933), «Жыццё Галілея» (1938—39), «Матухна Кураж і яе дзеці» (1941; паст. Дзярж. рус. драм. т-рам, 1962; Бел. т-рам Я.Коласа, 1976), «Добры чалавек з Сезуана» (1938—40), раманаў «Трохграшовы раман» (1934), «Справы пана Юлія Цэзара» (не скончаны, 1949), апавяданняў, вершаў, песень (зб-кі «Хатнія казанні Бертальда Брэхта», 1927; «Свэндбаргскія вершы», 1939, і інш.), тэарэтычных прац («Малы арганон для тэатра», 1949, і інш.). Яго творы на бел. мову перакладалі Р.Барадулін, Л.Баршчэўскі, П.Бітэль, Я.Брыль, У.Папковіч, Я.Семяжон. С.А.Картэс стварыў оперу «Матухна Кураж...» (паст. 1982, Каўнас; 1984, Кішынёў).

Тв.:

Бел. пер. — [Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;

На шалях праўды. Мн., 1988;

рус. пер. — Стихи;

Роман;

Новеллы;

Публицистика. М., 1956;

Театр. Т. 1—5. М., 1963—65;

Стихотворения;

Рассказы;

Пьесы. М., 1972;

О литературе. М., 1977.

Літ.:

Б.Брехт: Библиогр. указ. М., 1969;

Шумахер Э. Жизнь Брехта: Пер. с нем. М., 1988.

Е.А.Лявонава.

т. 3, с. 302

БРЭ́ШКА-БРАШКО́ЎСКАЯ

(дзявочае Вярыга) Кацярына Канстанцінаўна (3.2.1844 — 12.9.1934),

рэвалюцыянерка-народніца, адна са стваральнікаў і лідэраў партыі эсэраў. У 1873—74 чл. «Кіеўскай камуны» — гуртка ўдзельнікаў «хаджэння ў народ». Летам 1874 «хадзіла ў народ»: у Херсонскую і Падольскую губ., дзе ў вер. 1874 арыштавана. Пасля 3-гадовага зняволення засуджана па «працэсе 193-х» да 5 гадоў катаржных работ у Сібіры. У канцы 1890-х г. жыла ў Мінску, дзе разам з А.В.Бонч-Асмалоўскім, Р.А.Гершуні і інш. стварыла Рабочую партыю палітычнага вызвалення Расіі. Восенню 1901 удзельнічала ў стварэнні Баявой арг-цыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у 1902 — Сял. саюза партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1903 эмігрыравала ў Швейцарыю. З 1905 у Расіі, лідэр правага крыла партыі эсэраў. У 1907 арыштавана і пасля 2-гадовага зняволення саслана ў Сібір, адкуль вярнулася пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Падтрымлівала Часовы ўрад. У 1919 чл. Камуча (К-т членаў Устаноўчага сходу), эмігрыравала ў ЗША, з 1924 у Чэхаславакіі.

М.А.Сакалова.

т. 3, с. 302

БРЭ́ШЫЯ,

Брэша (Brescia), горад на Пн Італіі, каля падножжа Альпаў. Адм. ц. прав. Брэшыя. 191,9 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел. Важны прамысл. і гандл. цэнтр. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (аўта- і авіябудаванне, с.-г. і тэкстыльнае), эл.-тэхн. і радыёэлектронная, хім., лёгкая (тэкстыль, адзенне, абутак), ваенная, гарбарная. Традыц. вытв-сць муз. інструментаў (арганаў). Цэнтр турызму. Ун-т. Акадэмія л-ры і мастацтва. Маст. галерэі. Бат. сад. Рэшткі рымскіх пабудоў, арх. помнікі 8—17 ст. У наваколлі здабыча парфіру і белага мармуру.

Засн. ў 6 ст. да н. э. галамі. З 225 да н.э. рым. калонія, з 4 ст. н.э. рэзідэнцыя біскупства. З 774 у імперыі Каралінгаў. У 1127 тут утварылася вольная гар. камуна. У 1429—1797 пад уладай Венецыі, мела аўтаномію. З 1797 у складзе Цызальпінскай Рэспублікі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 разам з Ламбарда-Венецыянскай вобласцю адышла да Аўстрыі. З 1859 у складзе Італьян. каралеўства. У 2-ю сусв. вайну моцна разбурана авіяц. бамбардзіроўкамі.

т. 3, с. 302