БРЭ́ШКА-БРАШКО́ЎСКАЯ
(дзявочае Вярыга) Кацярына Канстанцінаўна (3.2.1844 — 12.9.1934),
рэвалюцыянерка-народніца, адна са стваральнікаў і лідэраў партыі эсэраў. У 1873—74 чл. «Кіеўскай камуны» — гуртка ўдзельнікаў «хаджэння ў народ». Летам 1874 «хадзіла ў народ»: у Херсонскую і Падольскую губ., дзе ў вер. 1874 арыштавана. Пасля 3-гадовага зняволення засуджана па «працэсе 193-х» да 5 гадоў катаржных работ у Сібіры. У канцы 1890-х г. жыла ў Мінску, дзе разам з А.В.Бонч-Асмалоўскім, Р.А.Гершуні і інш. стварыла Рабочую партыю палітычнага вызвалення Расіі. Восенню 1901 удзельнічала ў стварэнні Баявой арг-цыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у 1902 — Сял. саюза партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1903 эмігрыравала ў Швейцарыю. З 1905 у Расіі, лідэр правага крыла партыі эсэраў. У 1907 арыштавана і пасля 2-гадовага зняволення саслана ў Сібір, адкуль вярнулася пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Падтрымлівала Часовы ўрад. У 1919 чл. Камуча (К-т членаў Устаноўчага сходу), эмігрыравала ў ЗША, з 1924 у Чэхаславакіі.
М.А.Сакалова.
т. 3, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)