АЎТЫ́ЗМ
(ад грэч. autos сам),
крайняя форма псіхал. адчужэння, якая праяўляецца ў адыходзе чалавека ад кантакту з навакольным светам і паглыбленні ва ўласныя перажыванні. Тэрмін уведзены швейц. псіхолагам і псіхіятрам Э.Блейлерам (1857—1939) для абазначэння псіхічных парушэнняў, звязаных з паніжанай магчымасцю хворага чалавека кіраваць сваім мысленнем, адключацца ад пакутлівых думак, якія праяўляюцца ў пазбяганні ад любых кантактаў з людзьмі. Абазначае таксама пераважную арыентацыю індывіда на сваю ўнутраную карціну і ўнутраныя крытэрыі ў ацэнцы з’яў (гл. Эгацэнтрызм), гэтаму спадарожнічае страта інтуітыўнага разумення людзей, неадэкватнае эмацыянальнае рэагаванне на іх паводзіны. Аўтызм праяўляецца ў псіхічных хваробах, асабліва шызафрэніі. У некаторых псіхічна здаровых людзей мысленне можа мець пэўныя рысы аўтызму.
т. 2, с. 123
АЎТЭКАЛО́ГІЯ
(ад аўта... + экалогія),
раздзел экалогіі, які вывучае дзеянне розных фактараў знешняга асяроддзя (пераважна абіятычных фактараў) на асобныя папуляцыі і віды. Гал. задача аўтэкалогіі — вывучэнне фактараў дынамікі колькасці і біямасы папуляцый, жыццёвых цыклаў і паводзін.
т. 2, с. 123
АЎТЭНТЫ́ЧНЫ ТЭКСТ
(ад грэч. authentikos сапраўдны),
дакладны, заснаваны на першакрыніцы тэкст якога-небудзь дакумента, твора (складзены, як правіла, на інш. мове). У міжнар. праве — тэкст міжнар. дагавора, які дзяржавы — удзельніцы дагавору разглядаюць як асноўны, дакладны тэкст арыгінала. Калі дагавор складаецца на некалькіх мовах, то ўсе тэксты на гэтых мовах абвяшчаюцца аўтэнтычнымі.
т. 2, с. 123