АЎТЫ́ЗМ
(ад грэч. autos сам),
крайняя форма псіхал. адчужэння, якая праяўляецца ў адыходзе чалавека ад кантакту з навакольным светам і паглыбленні ва ўласныя перажыванні. Тэрмін уведзены швейц. псіхолагам і псіхіятрам Э.Блейлерам (1857—1939) для абазначэння псіхічных парушэнняў, звязаных з паніжанай магчымасцю хворага чалавека кіраваць сваім мысленнем, адключацца ад пакутлівых думак, якія праяўляюцца ў пазбяганні ад любых кантактаў з людзьмі. Абазначае таксама пераважную арыентацыю індывіда на сваю ўнутраную карціну і ўнутраныя крытэрыі ў ацэнцы з’яў (гл. Эгацэнтрызм), гэтаму спадарожнічае страта інтуітыўнага разумення людзей, неадэкватнае эмацыянальнае рэагаванне на іх паводзіны. Аўтызм праяўляецца ў псіхічных хваробах, асабліва шызафрэніі. У некаторых псіхічна здаровых людзей мысленне можа мець пэўныя рысы аўтызму.
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)