Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫТАНА́ТЫ,

солі метатытанавай H2TiO3 і ортатытанавай H4TiO4 кіслот. Трапляюцца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў (ільменіт FeTiO3, пераўскіт CaTiO3, гейкіліт MgTiO3 і інш.). Атрымліваюць Т. сплаўленнем або спяканнем дыаксіду тытану (гл. Тытану аксіды) з аксідамі, карбанатамі ці гідраксідамі адпаведных металаў. Т. двух- і трохвалентных металаў — сегнетаэлектрыкі, найб. шырока выкарыстоўваюць Т. барыю BaTiO3 (бясколерныя крышталі, tпл 1616 °C), Т. свінцу PbTiO3 (крышталі цёмна- або светла-жоўтага колеру, tпл 818 °C), Т. стронцыю SrTiO3 (бясколерныя крышталі, tпл 2040 °C).

т. 16, с. 82

ТЫТАНІ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі: 1) сёстры тытанаў, народжаныя Геяй і Уранам. 6 сясцёр-тытанід (Тэфіда, Феба, Мнемасіна, Тэя, Феміда, Рэя) сталі жонкамі сваіх братоў і нарадзілі новае пакаленне багоў: Праметэя, Эас (багіня ранішняй зары), Геліяса, Муз, Лета, Гестыю, Геру і інш. 2) Дзеці і ўнукі (мужч. род «тытанід») тытанаў і тытанід.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 82

ТЫТА́НІСТЫ ЖАЛЯЗНЯ́К,

другая назва мінералу ільменіт.

т. 16, с. 82

ТЫТАНІ́Т, сфен,

мінерал падкласа астраўных сілікатаў, CaTi[SiO4](O, OH, F). Змяшчае да 40,8% аксіду тытану, прымесі жалеза, марганцу, ітрыю, германію, волава, танталу, ніобію і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае крышталі канвертападобныя, пласціністыя, прызматычныя да ігольчатых і ніткападобных, крыжападобныя двайнікі, зярністыя, радыяльна-прамянёвыя і лямцападобныя агрэгаты. Колер мядова-жоўты, залаціста-карычневы, буры, ружовы, зялёны, сіні або бясколерны. Цв. 5—5,5. Шчыльн. 3,45—3,6 г/см³. Т. — акцэсорны мінерал кіслых, сярэдніх і шчолачных магматычных, а таксама метамарфічных парод. Сыравіна на тытан, тантал, ніобій, ітрый, вырабны камень. Радовішчы ў Расіі, Швейцарыі, Італіі, на Украіне і інш.

Тытаніт.

т. 16, с. 82

ТЫТА́НІЯ,

спадарожнік планеты Уран. Дыяметр каля 1600 км. Адлегласць ад планеты 434,3 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 8 сут 17 гадз. Плоскасць арбіты Т. амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты Урана. Адкрыты ў 1787 У.Гершэлем.

т. 16, с. 82

ТЫТА́НУ АКСІ́ДЫ,

аксіды, якія ўтварае тытан. Вядома каля 15 Т.а., найважн. з іх монааксід TiO, сэсквіаксід Ti2O3 і дыаксід TiO2 (найб. пашыраны ў тэхніцы).

Тытану дыаксід, ці аксід тытану (IV) — бясколерныя крышталі, tпл 1870 °C. Не раствараецца ў вадзе, разбаўленых мінер. к-тах (акрамя плавікавай). Пры сплаўленні або спяканні з аксідамі і карбанатамі металаў утварае тытанаты. У прыродзе трапляецца ў 3 мадыфікацыях — мінералы рутыл. анатаз і брукіт. Атрымліваюць: з рутылу; ільменіту FeTiO3 і інш. руд сернакіслотным метадам; спальваннем тэтрахларыду TiCl4. (гл. Тытану галагеніды) у кіслародзе пры 1200—1700 °C. Выкарыстоўваюць як пігменты (гл. Бялілы) і напаўняльнік у лакафарбавай прам-сці. вытв-сці паперы. пластмас, гумавых вырабаў. а таксама ў вытв-сці керамічных дыэлектрыкаў і аптычнага шкла. як кампанент белай эмалі, абмазкі электродаў для электразваркі і інш. Пыл TiO2 выклікае бранхіт, пнеўмасклероз і інш. пашкоджанні лёгкіх; ГДК у атм. паветры 0,5 мг/м³, у вадзе 0,1 мг/л.

т. 16, с. 82

ТЫТА́НУ ГАЛАГЕНІ́ДЫ,

злучэнні тытану з галагенамі агульнай ф-лы TiXn (X — галаген, n = 2—4). Найб. устойлівыя вышэйшыя Т.г. (тэтрагалагеніды) TiX4; выкарыстоўваюць пераважна тэтрахларыд і тэтраёдыд тытану.

Тытану тэтрахларыд, хларыд тытану (IV) — празрыстая бясколерная вадкасць. дыміць у паветры (гідралізуецца вадзяной парай), tпл 136,3 °C, шчыльн. 1730 кг/м³. Атрымліваюць узаемадзеяннем хлору з дыаксідам тытану TiO, у прысутнасці аднаўляльніка (коксу) пры 700—800 °C. Выкарыстоўваюць для атрымання тытану, TiO2 (гл. Тытану аксіды), а таксама каталізатараў арган. сінтэзу, як дымаўтваральнае рэчыва. Пашкоджвае слізістыя абалонкі верхніх дыхальных шляхоў і рота, рагавіцу вачэй; ГДК 1 мг/м³. Тытану тэтраёдыд, ёдыд тытану (IV) — чырвона-рудыя крышталі з метал. бляскам, tпл 155 °C, шчыльн. 4400 кг/м³ рэчываў пры 100—200 °C або TiCl4 з ёдзістым вадародам HI. Выкарыстоўваюць для атрымання чыстага тытану (TiI4 раскладаецца пры 1300—1500 °C), як каталізатар арган. рэакцый.

т. 16, с. 82

ТЫТА́НЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі божаствы 1-га пакалення, 6 братоў (Акіян, Кой, Крый, Гіперыён, Іапет, Кронас) і 6 сясцёр (гл. Тытаніды), народжаных Уранам і Геяй. Яны ўвасабляюць стыхійныя сілы прыроды. Паводле міфаў, Кронас вылегчыў Урана і стаў вярхоўным богам. У сваю чаргу, сын Кронаса і Рэі Зеўс — правадыр, новага пакалення багоў-алімпійцаў — адабраў вярхоўную ўладу ў Кронаса. У 10-гадовай вайне з алімпійцамі Т. (акрамя Акіяна) пацярпелі паражэнне і былі скінуты ў Тартар. У пазнейшых міфах Т. атаясамлівалі з гігантамі. Часам у міфах і л-ры Т. называюць і тытанідаў — дзяцей і ўнукаў уласна Т. (напр., Праметэя, сына Іапета). У пераносным сэнсе Т. называюць выключна таленавітых людзей.

т. 16, с. 82

ТЫ́ТУЛ (ад лац. titulus надпіс, ганаровае званне),

1) ганаровае родавае або дараванае званне (напр., граф, барон, герцаг), якое падкрэслівае прывілеяванае становішча асобы, патрабуе суадноснага тытулавання (напр., ваша высокасць, вялікасць, сіяцельства). Пашырана ў шэрагу дзяржаў (Вялікабрытанія, Францыя). Прысвойваецца таксама ў гонар прызнання заслуг якой-н. асобы (напр., Т. чэмпіёна свету).

2) У грамадзянскім праве аснова якога-н. права (напр., Т. уласнасці).

3) Т. як элемент кнігі, брашуры гл. ў арт. Тытульны ліст.

4) Устарэлае — атэстат, дыплом пра набыццё адукацыі ў якой-н. навуч. установе.

т. 16, с. 82

ТЫ́ТУЛЬНЫ ЛІСТ, тытул (ад лац. titulus надпіс, загаловак),

загаловачны ліст выдання (кнігі), на якім змяшчаюцца асноўныя (выхадныя) звесткі: загаловак, прозвішча аўтара, назва выдавецтва, год і месца выдання.

Бывае адзінарны (першая старонка кніжнага блока з адваротам), падвойны (з 4 старонак) разваротны або расхінны (левая частка яго наз. контртытулам, адваротная старонка контртытула — авантытулам). Паводле афармлення Т.л. бывае шрыфтавы, дэкаратыўна-шрыфтавы і сюжэтны. У папірусных і пергаментных скрутках ролю Т.л. выконваў ярлык з загалоўкам, прывязаны да скрутка шнурком. Першы поўны Т.л. з’явіўся ў 1476 (Венецыя).

т. 16, с. 82