ТЫТАНІ́Т, сфен,

мінерал падкласа астраўных сілікатаў, CaTi[SiO4](O, OH, F). Змяшчае да 40,8% аксіду тытану, прымесі жалеза, марганцу, ітрыю, германію, волава, танталу, ніобію і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае крышталі канвертападобныя, пласціністыя, прызматычныя да ігольчатых і ніткападобных, крыжападобныя двайнікі, зярністыя, радыяльна-прамянёвыя і лямцападобныя агрэгаты. Колер мядова-жоўты, залаціста-карычневы, буры, ружовы, зялёны, сіні або бясколерны. Цв. 5—5,5. Шчыльн. 3,45—3,6 г/см³. Т. — акцэсорны мінерал кіслых, сярэдніх і шчолачных магматычных, а таксама метамарфічных парод. Сыравіна на тытан, тантал, ніобій, ітрый, вырабны камень. Радовішчы ў Расіі, Швейцарыі, Італіі, на Украіне і інш.

Тытаніт.

т. 16, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)