Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІКРАЭЛЕКТРО́НІКА,

галіна навукі і тэхнікі, якая забяспечвае стварэнне і сінтэз мікрамініяцюрных вырабаў рознага функцыянальнага прызначэння для радыёэлектроннай апаратуры (лініі затрымкі, фільтры, прылады ўзмацнення і апрацоўкі радыёэлектронных сігналаў і інш.); асн. раздзел электронікі. На аснове вырабаў М. створаны таксама высоканадзейныя з вял. аб’ёмам памяці камп’ютэры і камп’ютэрныя сістэмы вырашаюцца праблемы стварэння штучнага інтэлекту.

Грунтуецца на дасягненнях фізікі, хіміі, матэматыкі, матэрыялазнаўства і інш. Сярод вырабаў М. найб. пашыраны аналагавыя і лічбавыя інтэгральныя паўправадніковыя і гібрыдныя мікрасхемы (ІС; гл. Інтэгральныя схемы), прыборы з зарадавай сувяззю (напр., ПЗС-матрыца). Вырабы М. бываюць у выглядзе матрыцы (ці некалькіх матрыц) аднатыпных элементаў мікронных і субмікронных памераў. напр., транзістараў розных тыпаў (біпалярных, МДП) і іх эл. злучэнняў; напр., вял. ІС маюць да 10⁴ элементаў, звышвял. — да 10​6 і ультравял. — больш за 10​6 элементаў на крышталь. Вытв-сць паўправадніковых ІС ажыццяўляецца з выкарыстаннем сукупнасці тэхнал. працэсаў, заснаваных на фіз.-хім. метадах апрацоўкі паўправадніковых, метал. і дыэл. матэрыялаў, якія складаюць аснову планарнай тэхналогіі, сінтэз гібрыдных мікрасхем праводзіцца на аснове плёначнай тэхналогіі. М. развіваецца ў кірунку змяншэння памераў элементаў (гл. Мініяцюрызацыя), павышэння ступені інтэграцыі (вызначаецца шчыльнасцю ўпакоўкі) і хуткадзеяння (вызначаецца часам затрымкі сігналу) з абавязковай аптымізацыяй логікі работы мікрасхем, удасканаленнем структуры і ўласцівасцей традыцыйных (германій, крэмній) і новых (арсенід галію і інш.) паўправадніковых і дыэл.-матэрыялаў, тугаплаўкіх металаў. Асн. праблемы М. пры павышэнні ступені інтэграцыі звязаны з фундаментальнымі абмежаваннямі, абумоўленымі прыродай матэрыялаў і фіз. прынцыпамі функцыянавання, а таксама праблемамі ўзроўню ўласных шумоў і адводу цяпла.

На Беларусі даследаванні па праблемах М. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, Ін-тах фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, электронікі Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БДУ, НВА «Інтэграл» (у т.л. вытв-сць вырабаў М.) і інш.

Літ.:

Ефимов И.Е., Козырь И.Я. Основы микроэлектроники. 2 изд. М., 1985;

Валиев К.А Микроэлектроника: достижения и пути развития. М., 1986;

Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.

Л.І.Гурскі.

т. 10, с. 363

МІКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,

хімічныя элементы, якія ёсць у жывых арганізмах у нязначнай колькасці (10​−3 — 10​−5 %). Знаходзяцца ў збалансаваных суадносінах. Крыніца паступлення ў арганізм — ежа і пітная вада. Вядома больш за 50 М. (бор, медзь, марганец, малібдэн, ёд, цынк, кобальт, нікель, крэмній, стронцый, тытан, ванадый і інш.). Уваходзяць у састаў ферментаў (напр., цынк у карбаангідразу), вітамінаў (напр., кобальт у вітамін B₁₂), гармонаў (напр., ёд у тыраксін), таксама бялкоў, нуклеінавых к-т. Некат. М. ўдзельнічаюць у будове апорных тканак арганізма (фтор, стронцый), абмене бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, тканкавым дыханні, росце і размнажэнні арганізмаў. Рэгулююць функцыі крывятворных органаў, нерв., эндакрыннай, сардэчна-сасудзістай, палавой, імуннай сістэм; адаптацыю арганізма да змены фактараў навакольнага асяроддзя. Пры нястачы ці лішку М. парушаецца абмен рэчываў, узнікаюць эндэмічныя захворванні (напр., на Беларусі — эндэмічны валляк пры нястачы ёду).

Літ.:

Химические элементы и аминокислоты в жизни растений, животных и человека. 2 изд. Киев, 1979;

Кевра М.К. Растения против радиации. Мн., 1993.

М.К.Кеўра.

т. 10, с. 363

МІ́КРА-ЭВМ,

найбольш пашыраная малагабарытная электронная вылічальная машына, створаная на базе мікрапрацэсара. Бываюць убудаваныя, бартавыя, персанальныя, настольныя, партатыўныя, прафесіянальныя і бытавыя. Акрамя мікрапрацэсара, маюць блокі памяці (пастаяннай і аператыўнай), сродкі сувязі з перыферыйнымі прыладамі (у т.л. ўводу-вываду інфармацыі), пульт кіравання (напр., дысплей з клавіятурай). Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аўтам. і аўтаматызаванага кіравання, напр., тэхнал. працэсамі, у якасці тэрміналаў для сувязі з выліч. цэнтрамі калектыўнага карыстання або камп’ютэрнымі сеткамі, для абсталявання аўтаматызаваных рабочых месцаў, а таксама ў якасці персанальных ЭВМ.

т. 10, с. 363

МІКРО́БЫ,

тое, што мікраарганізмы.

т. 10, с. 364

МІКРО́МЕТР (ад мікра... + ...метр),

інструмент з дакладным (мікраметрычным) вінтом для вымярэння лінейных памераў кантактным спосабам. Бывае некалькіх тыпапамераў для вымярэння даўжынь ад 0 да 25 мм, ад 25 да 50 мм і г.д. Цана дзялення ад 0,001 да 0,01 мм, мяжа вымярэння да 2000 мм.

Адрозніваюць М.: гладкія — для вымярэння вонкавых памераў дэталей; ліставыя з цыферблатам — для вымярэння таўшчыні лістоў і стужак; трубныя — для вымярэння таўшчыні сценак і труб; зубамерныя — для вымярэння даўжыні агульнай нармалі зубчастых колаў. Ёсць М. з плоскімі, разьбовымі і шаравымі ўстаўкамі для вымярэння дэталей з мяккіх матэрыялаў, стандартных рэзьбаў, сферычных паверхняў і інш.

Гладкі мікрометр: 1 — скаба; 2 — пятка; 3 — мікраметрычны вінт; 4 — стопарнае прыстасаванне; 5 — сцябло; 6 — барабан; 7 — трашчотка.

т. 10, с. 364

МІКРО́Н,

устарэлая назва дольнай адзінкі даўжыні, роўнай 10​−6 м. Заменена мікраметрам.

т. 10, с. 364

МІКСАМАТО́З,

вострая кантагіёзная воспападобная вірусная хвароба трусоў. Зрэдку хварэюць зайцы. Пашкоджваюцца лімфатычныя вузлы, кроў, селязёнка, скура, слізістыя абалонкі. Пашыраны ў Паўд. Амерыцы, Аўстраліі; у Еўропу занесены ў 1952. На Беларусі з 1980.

Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус. Заражэнне кантактнае, аэрагеннае, праз кармы і інш. Асн. пераносчыкі — насякомыя-крывасмокі. Прыкметы: кан’юнктывіт, ацёчнае апуханне (інфільтрацыя) падскурнай клятчаткі ў вобласці галавы, вушэй, ануса і вонкавых палавых органаў; воспападобная вузельчыкавая высыпка на целе (пры вузельчыкавай форме). Ускладняецца архітам, пнеўманіяй. Звычайна мае лятальны вынік.

т. 10, с. 364

МІКСАМІЦЭ́ТЫ,

тое, што слізевікі.

т. 10, с. 364

МІКСАСПАРЫ́ДЫІ (Myxozoa),

тып (па інш. класіфікацыях клас, атрад) прасцейшых. 2 класы (атр.): міксаспоравыя (Myxosporea) і актынаміксідыі, або актынаспоравыя (Actinosporea). Паразітуюць у поласцях, тканках або клетках беспазваночных і ніжэйшых пазваночных жывёл (пераважна рыб, радзей земнаводных і паўзуноў).

Памеры ад 15 мкм да 11 мм. У жыццёвым цыкле 2 стадыі: паразітычная вегетатыўная (трафонт) і рассяляльная (спора). Трафонт мае 2 тыпы ядраў і 2 тыпы клетак — вегетатыўныя і генератыўныя; размнажаецца бясполым шляхам. Вегетатыўныя формы — рухомыя шмат’ядзерныя плазмодыі з вегетатыўнымі ядрамі і генератыўнымі клеткамі, што актыўна перамяшчаюцца ўнутры плазмодыя. З генератыўных клетак пасля дзяленняў (апошняе з якіх меёз) утвараюцца шматклетачныя споры (дыяметр да 25 мкм). Калі спора трапляе ў арганізм жывёлы-гаспадара, з яе вызваляецца амёбападобны зародак, які перамяшчаецца да месца паразітавання. У тканкавых М. плазмодыі нерухомыя, часта абкружаныя цыстай (дыяметр да 6 см), утворанай злучальнай тканкай гаспадара.

Да арт. Міксаспарыдыі: А — плазмодыі са спорамі (1 — цэратамікса апендыкулята; 2 — лептатэка агіліс; 3 — хлараміксум лейдыгі); Б — спора (1 — зародак; 2 — ядры зародка; 3 — трубка; 4 — спіральная нітка).

т. 10, с. 364

МІ́КСАТ ((Mikszáth) Кальман) (16.1.1847, Склабання, Венгрыя — 28.5.1910),

венгерскі пісьменнік. Ганаровы чл. Венгерскай АН (з 1889). Скончыў Будапешцкі ун-т. Літ. поспех прынеслі зб-кі апавяд. «Землякі-славакі» (1881) і «Добрыя палаўчане» (1882), напісаныя пад уплывам рамант. прозы М. Іокаі. Аўтар рэаліст. з элементамі сатыры раманаў «Выбары ў Венгрыі» (1893—97), «Аблога Бестэрце» (1896, экранізацыя 1948), «Дзіўны шлюб» (1900, экранізацыя 1951), гіст. «Чорны горад» (1910) і інш. Яго творам уласціва спалучэнне сатыр. завостранасці, сакавітага бытапісання анекдатычных сюжэтаў з тонкім і цёплым гумарам. На бел. мову асобныя апавяданні М. пераклаў Я.Васілёнак.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1966—69.

т. 10, с. 364