МІКРО́МЕТР (ад мікра... + ...метр),

інструмент з дакладным (мікраметрычным) вінтом для вымярэння лінейных памераў кантактным спосабам. Бывае некалькіх тыпапамераў для вымярэння даўжынь ад 0 да 25 мм, ад 25 да 50 мм і г.д. Цана дзялення ад 0,001 да 0,01 мм, мяжа вымярэння да 2000 мм.

Адрозніваюць М.: гладкія — для вымярэння вонкавых памераў дэталей; ліставыя з цыферблатам — для вымярэння таўшчыні лістоў і стужак; трубныя — для вымярэння таўшчыні сценак і труб; зубамерныя — для вымярэння даўжыні агульнай нармалі зубчастых колаў. Ёсць М. з плоскімі, разьбовымі і шаравымі ўстаўкамі для вымярэння дэталей з мяккіх матэрыялаў, стандартных рэзьбаў, сферычных паверхняў і інш.

Гладкі мікрометр: 1 — скаба; 2 — пятка; 3 — мікраметрычны вінт; 4 — стопарнае прыстасаванне; 5 — сцябло; 6 — барабан; 7 — трашчотка.

т. 10, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)