МІКСАМАТО́З,
вострая кантагіёзная воспападобная вірусная хвароба трусоў. Зрэдку хварэюць зайцы. Пашкоджваюцца лімфатычныя вузлы, кроў, селязёнка, скура, слізістыя абалонкі. Пашыраны ў Паўд. Амерыцы, Аўстраліі; у Еўропу занесены ў 1952. На Беларусі з 1980.
Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус. Заражэнне кантактнае, аэрагеннае, праз кармы і інш. Асн. пераносчыкі — насякомыя-крывасмокі. Прыкметы: кан’юнктывіт, ацёчнае апуханне (інфільтрацыя) падскурнай клятчаткі ў вобласці галавы, вушэй, ануса і вонкавых палавых органаў; воспападобная вузельчыкавая высыпка на целе (пры вузельчыкавай форме). Ускладняецца архітам, пнеўманіяй. Звычайна мае лятальны вынік.
т. 10, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)