ВАСЬМІНО́ГІ
(Octopoda),
атрад галаваногіх малюскаў. Васьміногаў і зрэдку ўсіх буйных галаваногіх малюскаў наз. спрутамі. 11 сям., каля 40 родаў, 200 відаў. Пашыраны ў марскіх водах да глыб. 8000 м ад Арктыкі да Антарктыкі. Донныя, прыдонна-планктонныя і планктонныя жывёлы. Найб. вядомыя васьміног звычайны (Octopus vulgaris, васьміног глыбакаводны блінападобны (Opistoteuthis depressa), васьміног глыбакаводны бязвокі (Cirrothauma murrayi) і інш.
Даўж. тулава 1—60 см, са шчупальцамі («рукамі») — да 3—6 м (зрэдку да 9,6 м), маса да 50—100 кг (зрэдку да 270 кг). Цела авальнае, мяшэчкападобнае, галава слаба адасоблена ад тулава. 8 «рук» часта аб’яднаны паміж сабой тонкай перапонкай з прысоскамі. У мелкаводных васьміногаў ёсць залоза, з якой пры абароне выпускаюць чарнільную вадкасць. Васьміногі глыбакаводныя маюць органы свячэння. Актыўныя драпежнікі. Аб’ект промыслу.
т. 4, с. 34
ВАСЬМІПРАМЯНЁВЫЯ КАРА́ЛЫ
(Octocorallia),
падклас беспазваночных жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Тры сучасныя атр.: альцыянарыі, або мяккія каралы (Alcyonacea); гарганарыі, або рагавыя каралы (Gorgonacea); марскія пёры (Pennatulacea). 2800 відаў. Пашыраны пераважна ў марскіх водах трапічнага пояса. Вядомы з пач. мезазою. Жывуць калоніямі. На Беларусі выяўлены ў адкладах юры і мелу як рэдкія выкапнёвыя жывёлы. Найб. вядомыя: чырвоны, або высакародны карал (Corallium rubrum), арганчык (Tubipora musica), гарганарыя (Subergorgia mollis) і інш.
Маюць 8 перыстых шчупальцаў вакол ротавай адтуліны. Шкілет вапняковы або рагавы, складаецца з асобных элементаў — спікул рознай формы. Гастральная поласць падзелена радыяльнымі перагародкамі на камеры; ад рота ў яе апускаецца эктадэрмальная глотка. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Кормяцца прасцейшымі, бактэрыямі, часцінкамі дэтрыту і інш. Многія свецяцца. Калоніі прыгожыя, рознакаляровыя. Утвараюць каралавыя рыфы. З многіх вырабляюць упрыгожанні, сувеніры.
т. 4, с. 34
ВАСЬМІРАДКО́ЎЕ,
актэт, страфа з 8 вершаваных радкоў, для якіх характэрны сэнсавая, кампазіцыйная, інтанацыйна-рытмічная закончанасць і ўпарадкаванасць рыфмы. Радкі ў васьмірадкоўі могуць спалучацца адной — чатырма рыфмамі. Упершыню 8-радковую страфу ў бел. паэзіі выкарыстаў Сімяон Полацкі ў вершы «Стиси краесогласнии ко пресветлейшему... царю и великому князю Алексию Михайловичю...». Сустракаюцца васьмірадкоўе ў творах В.Дуніна-Марцінкевіча («Гапон»), Ф.Багушэвіча («Дурны мужык, як варона», «Мая хата»), Я.Лучыны («Што думае Янка, везучы дровы ў горад»). Пашырана ў сучаснай бел. паэзіі — «Маім гераіням» П.Панчанкі, «Відаць, і ў цябе...» Р.Барадуліна, «Калыханка маме» Н.Мацяш і інш.
А.А.Майсейчык.
т. 4, с. 34
ВАСЬМЯРЫ́К у архітэктуры, васьмівугольны ў плане будынак або яго частка. Форма васьмерыка характэрная для архітэктуры Візантыі, паўд. славян (Балгарыя), Арменіі, Грузіі і інш. У Зах. Еўропе вядомы ў раманскай архітэктуры, готыцы, найб. пашыраны ў стылях рэнесансу, барока і класіцызму. Васьмерыкі ў завяршэнні культавых пабудоў вядомы ў стараж.-рус. дойлідстве і звязаны з уплывам візант. архітэктуры.
На Беларусі ў 16—18 ст. у форме васьмерыка будавалі некаторыя вежы гарадскіх умацаванняў (у Віцебску вядомыя пад назвай «круглікаў»), замкаў, палацаў, ратушаў, а таксама культавыя будынкі (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы манастыроў і кляштараў. У 16—19 ст. пашырыліся камбінаваныя формы васьмерыка і чацверыка (васьмярык узвышаецца над чацверыком — вежа Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы, вежа-званіца касцёла ў г. Барысаў). У культавым дойлідстве форму васьмерыка звычайна мелі барабаны, якія ўзвышаліся над гал. аб’ёмамі (Магілёўская Мікалаеўская царква). У драўляным, пераважна культавым, дойлідстве 17—19 ст. форма васьмерыка ўзнікла пад уплывам стылю барока. Была найб. пашырана ў вырашэнні цэнтр. аб’ёмаў цэркваў (Слуцкая Міхайлаўская царква) або цэнтр. аб’ёму і званіцы (царква ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на). Для Палескай школы дойлідства 2-й пал. 18—19 ст. характэрна чаргаванне васьмерыкоў і чацверыкоў у вырашэнні аб’ёмаў храмаў і званіц (Рубельская Міхайлаўская царква). У 1950-я г. форма васьмерыка выкарыстоўвалася ў жылых і грамадскіх будынках пры вылучэнні зальных памяшканняў, а таксама ў завяршэннях асн. частак бельведэрамі і інш. элементамі.
Ю.А.Якімовіч.
т. 4, с. 34
ВАСЮГА́Н,
рака на Пд Зах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі, левы прыток Обі. Даўж. 1082 км, пл. бас. 61,8 тыс. км². Пачынаецца з балот Васюгання, цячэ па Васюганскай раўніне. Упадае некалькімі рукавамі (за вусце прыняты рукаў за 11 км ніжэй ад пас. Каргасок). Асн. прыток — Чыжапка (справа). Ледастаў з ліст. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля с. Наўнак 345 м³/с. У бас. Васюгана больш за 49 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 886 км ад вусця.
т. 4, с. 35
ВАСЮГА́НСКАЯ РАЎНІ́НА,
Васюганне, на Пд Зах. Сібіры, у Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. На Пд паступова пераходзіць у Барабінскую нізіну. Паверхня — плоская або спадзістахвалістая раўніна, пакатая на Пн і перарэзаная далінамі рэк Вял. Юган, Васюган і інш. Выш. да 166 м. Каля 70% пл. Васюганскай раўніны займаюць балоты. На дрэніраваных схілах ялова-кедрава-піхтавая тайга («урман») і асінава-бярозавыя лясы. Радовішчы нафты, газу і торфу.
т. 4, с. 35
ВАСЮ́К Тамара Іванаўна
(н. 6.7.1952, в. Хутаранка Гомельскага р-на),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Беларускі тэатр.-маст. ін-т (1977). Выкладае ў Беларускім ун-це культуры (з 1992). Працуе ў галіне керамікі. Сярод работ: медалі «Гусоўскі», «Драздовіч» (абодва 1975), дэкар. кампазіцыі «Белая» (1981) і «Дзяды» (1982), дэкар. маскі «Пінская шляхта» (1983), скульптуры «Чаканне», «Вандроўнік», «Дабрыня», «Лесавік», «Вадзянік», «Дамавік» (усе 1984—86), «Барбара Радзівіл» (1992), «Радзівіл Чорны» (1993) і інш., дэкар. пластыка «Вечнасць» (1987) і «Канстанцін і Алена» (1990), дэкар. вазы «Свянцянскае зелле», «Ахвярнік», «Вечар», «Краявід» (усе 1988—90).
Л.Ф.Салавей.
т. 4, с. 35
ВАСЮ́К Уладзімір Уладзіміравіч
(н. 2.7.1947, пас. Леніна Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (з 1978), Бел. АМ (з 1987). Працуе ў галіне плаката, кніжнай графікі. Асн. творы: плакаты «М.Гусоўскі» (1980), «Песнярам зямлі беларускай» (1982), «Пётр Мсціславец — першы беларускі друкар» (1990), «Сымон Будны» (1992); графічная серыя «Прывід маёй маленькай радзімы» (1995). Аформіў кнігі «Праваслаўныя святы» і «Праваслаўнае дойлідства Беларусі» (1995). Аўтар афішаў да спектакляў і святаў.
Л.Ф.Салавей.
т. 4, с. 35
ВАСЮКО́ВА Галіна Георгіеўна
(н. 21.3.1927, г. Барысаў Мінскай вобл.),
руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1967). У 1944 вывезена ў Германію, з сак. 1945 у атрадзе Супраціўлення ў Чэхаславакіі. Друкуецца з 1957. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў і вершаў для дзяцей («Старэйшы брат», 1959; «Розныя гісторыі», 1966; «Лялькаград», 1970; «Трывожныя дні», 1983, і інш.). У яе творах добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даходліва, з гумарам расказаць пра з’явы рэчаіснасці, падзеі вайны.
т. 4, с. 35
ВАСЮЧКО́Ў Міхаіл Дзмітрыевіч
(н. 14.9.1947, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас Дз.Смольскага). З 1973 канцэртмайстар Мінскага пед. ін-та, з 1978 выкладчык Мінскага муз. вучылішча. Асн. творчыя дасягненні ў галіне камернай музыкі. Сярод твораў: араторыя «Песні зямлі беларускай» на нар. тэксты (1971), кантата «Не сячы ты, татухна, пры дарозе бярозы» на тэксты бел. нар. балад (1983); канцэрт для фп. з арк. (1972), сюіта для струнных інструментаў (1975); двайныя варыяцыі для трамбона (1995); вак. цыклы на вершы А.Фета, Ф.Цютчава; духоўныя хары на тэксты «Малітваслова»; апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў.
Э.А.Алейнікава.
т. 4, с. 35