ВАСЬМІРАДКО́ЎЕ,
актэт, страфа з 8 вершаваных радкоў, для якіх характэрны сэнсавая, кампазіцыйная, інтанацыйна-рытмічная закончанасць і ўпарадкаванасць рыфмы. Радкі ў васьмірадкоўі могуць спалучацца адной — чатырма рыфмамі. Упершыню 8-радковую страфу ў бел. паэзіі выкарыстаў Сімяон Полацкі ў вершы «Стиси краесогласнии ко пресветлейшему... царю и великому князю Алексию Михайловичю...». Сустракаюцца васьмірадкоўе ў творах В.Дуніна-Марцінкевіча («Гапон»), Ф.Багушэвіча («Дурны мужык, як варона», «Мая хата»), Я.Лучыны («Што думае Янка, везучы дровы ў горад»). Пашырана ў сучаснай бел. паэзіі — «Маім гераіням» П.Панчанкі, «Відаць, і ў цябе...» Р.Барадуліна, «Калыханка маме» Н.Мацяш і інш.
А.А.Майсейчык.
т. 4, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)