Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАРО́НІЦКАЕ БАЛО́ТА,

гл. Пціч.

т. 4, с. 12

ВАРО́НІЧЫ,

гл. Пціч.

т. 4, с. 12

ВАРО́НІЧЫ,

Варонеч, возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (працякае праз возера), за 16 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,18 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 5,9 м, даўж. берагавой лініі 13,1 км. Пл. вадазбору 793 км².

Схілы катлавіны выш. 2—8 м (зах. і паўд.-зах. 10—18 м), на У і З разараныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У месцамі высокія, зліваюцца са схіламі, на Пн сплавінныя (шыр. сплавіны 5—15 м). 2 астравы ў паўн. і цэнтр. частках. Больш за 60% пл. возера зарастае.

т. 4, с. 12

ВАРО́НІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ушача. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Полацка, 127 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Ветрына, на аўтадарозе Ушачы—Полацк. 575 ж., 237 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

Упамінаецца ў 1552 як сяло «Вороноч» Полацкага ваяв. ВКЛ. У час Лівонскай вайны 1558—83 пабудаваны замак. З 2-й пал. 16 ст. мястэчка (потым зноў сяло). З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Лепельскага пав. Віцебскай губ. У пач. 20 ст. каля 300 ж. З 1919 у Полацкім пав., з 1923 у Акцябрскай вол. З 1924 і з 1935 цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1931 і з 1962 — Полацкага р-наў. У Вял. Айч. вайну ў лют. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі ў Варонічах 68 двароў і 500 чал. У 1970 — 551 жыхар.

т. 4, с. 12

ВАРО́НКА Язэп

(Іосіф Якаўлевіч; 17.4.1891, Сакольскі пав. Гродзенскай губ. — 4.6.1952),

бел. паліт. дзеяч, журналіст, публіцыст. У 1909—14 вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. У пач. 1917 уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, з чэрв. 1917 чл. яе ЦК. Уваходзіў у склад Асобай нарады па выпрацоўцы палажэння аб выбарах ва Усерас. Устаноўчы сход, быў чл. Бюро Савета нац. сацыяліст. партый Расіі. Удзельнічаў у рабоце Дзярж. нарады (жн. 1917, Масква). У прамове на Усерас. дэмакр. нарадзе (вер. 1917, Петраград) ад імя Цэнтр. рады бел. арг-цый выказаўся супраць урадавай кааліцыі сацыяліст. партый з буржуазнымі. Уваходзіў у склад Часовага савета Рас. рэспублікі (Перадпарламента). Да снеж. 1917 старшыня к-та Бел. т-ва ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. На 2-й сесіі Цэнтр. рады бел. арг-цый (кастр. 1917, Мінск) падтрымаў прапановы пра ўстанаўленне аўтаноміі Беларусі явачным парадкам. Адзін з кіраўнікоў Усебел. з’езда 1917 у Мінску. У лют.ліп. 1918 старшыня Народнага сакратарыята Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэдагаваў газ. «Белорусская земля», час. «Варта». З канца 1918 арыентаваўся на Літоўскую тарыбу, разглядаючы яе як натуральнага саюзніка ў барацьбе за бел. дзяржаўнасць; у снеж. 1918 — крас. 1920 міністр бел. спраў і чл. кабінета міністраў Літвы. Лідэр Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, з ліст. 1922 старшыня т-ва «Беларуская грамада ў Каўнасе». Аўтар гіст.-публіцыстычных брашур, у якіх абагульняў асн. факты з гісторыі бел. нац. руху ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны, аналізаваў тагачаснае паліт. становішча. У 1923 выехаў у Чыкага (ЗША). Адзін з пачынальнікаў бел. паліт. руху ў ЗША. Узначальваў Бел.-Амерыканскую нац. асацыяцыю, выдаваў газ. «Белорусская трибуна».

Тв.:

Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции: Ист.-полит. очерк. Ковна, 1919;

Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920. Рэпрынт. Мн., 1991.

С.С.Рудовіч.

т. 4, с. 12

ВАРО́НЫ,

некалькі блізкіх відаў птушак сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі найб. вядомая варона шэрая (Corvus cornix) — шматлікая аселая (у некат. мясцінах часткова пералётная); зрэдку з Зах. Еўропы залятае варона чорная (Corvus corone). Некаторыя вучоныя лічаць іх падвідамі аднаго віду (Corvus corone). Летам варона шэрая трымаецца ўзлескаў, палёў, поймаў рэк, зімой — бліжэй да жылля.

Даўж. цела ў сярэднім 47 см. У вароны шэрай апярэнне на спіне і брушку шэрае, крылы, хвост, галава і грудзі чорныя, у вароны чорнай — усё чорнае. На межах арэалаў гэтых відаў трапляюцца гібрыды пераходнай афарбоўкі. У гнездавы перыяд трымаюцца парамі, у астатні час — чародамі. Гняздуюць у лясах, парках, на дрэвах, зрэдку ў зарасніках чароту. Усёедныя. Часам разбураюць гнёзды інш. птушак, у т. л. Паляўніча-прамысловых.

т. 4, с. 12

ВАРО́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Віцебскім р-не. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 16 км на У ад Віцебска, на шашы Віцебск—Лёзна. 756 ж., 314 двароў (1996). Міжнар. вузел сувязі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. У час Вял. Айч. вайны была спалена. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік на месцы бою рус. і франц. войск у 1812.

т. 4, с. 12

«ВАРО́ТЫ СО́НЦА»,

помнік архітэктуры стараж.-індзейскай цывілізацыі. Знаходзяцца ў Балівіі, на паўд.-ўсх. беразе воз. Тытыкака на гарадзішчы Тыяуанака. Уваходзілі ў храмавы комплекс Каласасая (пл. каля 135 х 130 м). Высечаны ў 8 ст. з вялізнай каменнай пліты (выш. 2,7 м, шыр. 3,8 м). У верхняй частцы — шырокі барэльефны пояс з выявамі кондараў, міфал. істот і сімвалаў; у цэнтры пояса — чалавекападобная выява, якая ўвасобіла, на думку навукоўцаў, Віракочу — вярхоўнае бажаство.

т. 4, с. 12

ВАРСАВА́НАЯ ТКАНІ́НА,

тканіна з ворсам (начосам). Ворс утвараюць канцы валокнаў, якія выцягваюцца на паверхню тканіны пры варсаванні. Варсаванне павышае цеплаахоўныя ўласцівасці і зносаўстойлівасць тканін. Найб. пашыраныя баваўняныя (мультан, фланель, байка, замша) і шарсцяныя (байка, бобрык). Да варсаваных тканін адносяцца многія віды коўдраў і некаторыя віды сукнаў і драпаў (велюр).

т. 4, с. 13

ВАРСАНО́Ф’ЕВА Вера Аляксандраўна

(22.7.1890, Масква — 29.6.1976),

савецкі геолаг. Чл.-кар. Акадэміі пед. навук СССР (1945). Вучаніца А.П.Паўлава. Навук. працы па стратыграфіі палеазойскіх адкладаў басейна верхняй Пячоры, геамарфалогіі Паўн. Урала, таксама па гісторыі геал. навукі і папулярызацыі геал. ведаў. Залаты медаль імя А.П.Карпінскага АН СССР (1950). Імем Варсаноф’евай названа адна з вяршынь Прыпалярнага Урала.

т. 4, с. 13