ВАРО́НІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ушача. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Полацка, 127 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Ветрына, на аўтадарозе Ушачы—Полацк. 575 ж., 237 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Упамінаецца ў 1552 як сяло «Вороноч» Полацкага ваяв. ВКЛ. У час Лівонскай вайны 1558—83 пабудаваны замак. З 2-й пал. 16 ст. мястэчка (потым зноў сяло). З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Лепельскага пав. Віцебскай губ. У пач. 20 ст. каля 300 ж. З 1919 у Полацкім пав., з 1923 у Акцябрскай вол. З 1924 і з 1935 цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1931 і з 1962 — Полацкага р-наў. У Вял. Айч. вайну ў лют. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі ў Варонічах 68 двароў і 500 чал. У 1970 — 551 жыхар.
т. 4, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)