БРЭ́СЦКІ ТЭ́ХНІКУМ ЧЫГУ́НАЧНАГА ТРА́НСПАРТУ.
Засн. ў 1940 у Брэсце. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): аўтаматыка, тэлемеханіка і электразабеспячэнне на чыг. транспарце; арганізацыя перагрузачных работ на транспарце, тэлекамунікацыйныя сістэмы; машыны і абсталяванне дарожна-буд. комплексу; арганізацыя перавозак і кіраванне рухам на транспарце; трансп. камунікацыі. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 3, с. 300
БРЭ́СЦКІ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў 1950 у Брэсце на базе Брэсцкага настаўніцкага інстытута як пед. ін-т. З 1995 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: філалагічны, пед., гіст., замежных моў, біял., геагр., дашкольнага выхавання, матэм., фіз., фіз. выхавання, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1991. Пры ун-це н.-д. лабараторыі: сацыялагічная (даследуе праблемы моладзі ва ўмовах сац.-паліт. фактараў зах. прыгранічча Беларусі); «Вучэбная кніга» (даследаванні, звязаныя з падрыхтоўкай рукапісаў падручнікаў, навуч. дапаможнікаў); «Геаграфічнае еўразнаўства» (вывучэнне праблем тэорыі рэгіяналізацыі і комплекснае геагр. даследаванне рэгіёнаў рознага тэр. ўзроўню); музей біялогіі.
Г.В.Сегянюк.
т. 3, с. 300
БРЭ́СЦКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ І МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1870—1913 у г. Брэст. У 1879 былі 2 вагранкі, адлівалі чыгунныя вырабы. У 1908 працаваў конны рухавік (5 к.с.), у 1913 — газавы (12 к.с.), рамантавалі с.-г. машыны, рабілі чыгунныя адліўкі. Працавала да 78 чал. (1899). Выраблялі прадукцыі на суму да 12 тыс. руб. (1913).
т. 3, с. 300
БРЭ́СЦКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л.Пабудаваны ў 1886 у Брэсце ў псеўдарускім стылі (арх. Я.Гарбуноў, В.Лорберг, Л.Нікалаі). У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1956 адноўлены ў старых параметрах са зменай планіроўкі і кампазіцыі. Цэнтр. аб’ём з 2-светлавым вестыбюлем, заламі чакання, службовымі і дапаможнымі памяшканнямі вылучаны вежай са спічаком. Бакавыя флігелі аб’яднаны з асн. будынкам агульным верхнім поясам і радам квадратных у плане пілонаў. Зала чаканняў упрыгожана смальтавай мазаікай на тэму абароны Брэсцкай крэпасці (1973). Абапал вакзала праходзяць чыг. пуці, пад імі — віядукі.
т. 3, с. 300
БРЭ́СЦКІ ЭЛЕКТРАЛЯ́МПАВЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1962—66 у г. Брэст. Дзейнічаюць цэхі: зборачны, спіральна-электродны, цокальны, шкляны, участак па вытв-сці святлотэхн. вырабаў. Асн. прадукцыя (1995): лямпы напальвання агульнага прызначэння, мясц. асвятлення, для халадзільнікаў і швейных машын, кварцавыя галагенныя, аўтамабільныя, мініяцюрныя, камутатарныя, аптычныя, для чыгунак, водных шляхоў і аэрадромаў (сігнальныя), самалётаў, руднікоў і інш., а таксама паўфабрыкаты для вырабу лямпаў, свяцільнікі і рассейвальнікі.
т. 3, с. 301
БРЭ́СЦКІ ЭЛЕКТРАМЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1963—65 у г. Брэст як з-д электравымяральных прылад. З 1970 Брэсцкі электрамеханічны завод. З 1993 галаўное прадпрыемства Брэсцкага электрамех. канцэрна. Выпускаў ЭВМ агульнага прызначэння (ЕС), перфакарткавае і перфастужкавае абсталяванне, устройствы аптычнага счытвання знакаў і сістэм тэлеапрацоўкі даных для ЭВМ, стацыянарныя і рухомыя выліч. камплекты для АСК спец. прызначэння, бартавыя ЭВМ, персанальныя камп’ютэры. Асн. прадукцыя (з 1993): прылады для кантролю за расходам газу і электраэнергіі, мед. тэхніка, персанальныя камп’ютэры, быт. электра- і радыёапаратура, с.-г. тэхніка.
П.І.Сідорык.
т. 3, с. 301
БРЭТА́НЬ
(Bretagne),
паўвостраў на ПнЗ Францыі. Абмываецца на Пн прал. Ла-Манш і зал. Сен-Мало, на З Атлантычным ак., на Пд Біскайскім зал. Значная ч. Брэтані занята Армарыканскім узв. (выш. да 391 м, горы Арэ). Берагі пераважна скалістыя, на З — рыясавага тыпу. Клімат умераны марскі. Верасоўнікі, тарфяныя пустэчы; трапляюцца дубовыя і букавыя лясы. Характэрны культ. ландшафт тыпу бакаж. Гал. парты Нант і Брэст.
т. 3, с. 301
БРЭТА́НЬ
(Bretagne),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на З Францыі, на п-ве Брэтань. Уключае дэпартаменты Фіністэр, Марбіян, Котдзю-Нор, Іль і Вілен. Пл. 27,2 тыс. км². Нас. 2,8 млн. чал. (1990). Гал. горад — Рэн. Рэльеф раўнінны і ўзвышаны (да 391 м). Клімат умераны акіянскі (ападкаў 800—1200 мм за год). Натуральная расліннасць — верасоўнікі, дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: суднабудаванне, перапрацоўка рыбы і с.-г. прадукцыі. Значны цэнтр аўтамаб. прам-сці — г. Рэн. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Значныя пасевы збожжавых, бульбы, ранняй агародніны. Садоўніцтва (традыц. вытв-сць сідру). Рыбалоўства. Турызм.
Назва ад племя брытаў, якія засялілі Брэтань у 6 ст., пакінуўшы заваяваную англасаксамі Брытанію. З канца 8 да сярэдзіны 9 ст. насельніцтва Брэтані ў васальнай залежнасці ад франкаў. У 845—849 утварылася самаст. Брэтонскае герцагства (каралеўства). Пасля спусташальнай нарманскай акупацыі (919—937) герцагства адноўлена (з канца 10 ст. сталіца — Рэн). У 1040—1223 на тэр. Брэтані вяліся міжусобныя «баронскія войны». З 1213 уладанне дынастыі Капетынгаў, з 1237 княства. У 1491 утворана асабістая унія паміж Брэтаню і Францыяй. У 1515 канчаткова далучана да Францыі каралём Францыскам І і стала яе правінцыяй. У час. франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелена на дэпартаменты.
т. 3, с. 301
БРЭТО́Н
(Breton) Андрэ (18.2.1896, Тэншбрэ, дэпартамент Орн, Францыя — 28.9.1966),
французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў сюррэалізму. Па прафесіі ўрач-псіхіятр. Удзельнік дадаісцкага руху (гл. Дадаізм). Тэкст «Магнітныя палі» (1919—20, з Ф.Супо) — першы эксперымент у галіне т.зв. «аўтаматычнага пісьма». У «Маніфесце сюррэалізму» (1924) сфармуляваў базавыя палажэнні сюррэалістычнай паэтыкі: «аўтаматычнае пісьмо», «запіс мрояў», «мроі наяве» і інш. спосабы вызвалення пішучага з-пад кантролю розуму. У «Другім маніфесце сюррэалізму» (1930) засяродзіўся на пытаннях арганізацыйнага, а не літ. характару. У 1938 сустракаўся ў Мексіцы з Л.Троцкім і заснаваў «Міжнародную федэрацыю незалежнага рэв. мастацтва». У час 2-й сусв. вайны жыў у ЗША, у 1946 вярнуўся на радзіму. Аўтар вершаваных зб-каў «Зямны свет» (1923), «Дыханне вады» (1934), рамана «Надзя» (1928), эсэ «Заўвагі пра паэзію» (1936, з П.Элюарам), кн. «Аркан 17» (1945), «Лямпа ў гадзінніках» (1948) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — [Стихи] // Поэзия. М., 1990. № 57;
У кн.: Антология французского сюрреализма, 20-е годы. М., 1994;
Называть вещи своими именами: Программные выступления мастеров запад.-европ. лит. XX в. М., 1986.
Літ.:
Андреев Л.Г. Сюрреализм. М., 1972;
Балашова Т.В. Французская поэзия XX в. М., 1982;
Вирмо А. и О. Мэтры сюрреализма. СПб., 1996.
К.М.Міхееў.
т. 3, с. 302
БРЭ́ТЦАР Якуб
(23.7.1690, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 11.8.1733),
бел. жывапісец. Зрабіў размалёўку інтэр’ера касцёла езуітаў у Слуцку (1715—17, не захаваўся), капліцы ў Полацку (1717—21); стварыў абразы «Распяцце», «Маці Божая», шэраг партрэтаў. У 1721—22 у Мінскім кафедральным касцёле св. Станіслава выканаў паліхромную размалёўку ў сакрысціях і алтар Маці Божай. У 1731—32 у Віцебску размаляваў карнізы і капітэлі ў езуіцкім касцёле (не захаваліся), напісаў абразы св. Андрэя Баболі і св. Тадэвуша. З 1732 працаваў у Нясвіжы, Пінску.
т. 3, с. 302