БРЭТО́Н

(Breton) Андрэ (18.2.1896, Тэншбрэ, дэпартамент Орн, Францыя — 28.9.1966),

французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў сюррэалізму. Па прафесіі ўрач-псіхіятр. Удзельнік дадаісцкага руху (гл. Дадаізм). Тэкст «Магнітныя палі» (1919—20, з Ф.Супо) — першы эксперымент у галіне т.зв. «аўтаматычнага пісьма». У «Маніфесце сюррэалізму» (1924) сфармуляваў базавыя палажэнні сюррэалістычнай паэтыкі: «аўтаматычнае пісьмо», «запіс мрояў», «мроі наяве» і інш. спосабы вызвалення пішучага з-пад кантролю розуму. У «Другім маніфесце сюррэалізму» (1930) засяродзіўся на пытаннях арганізацыйнага, а не літ. характару. У 1938 сустракаўся ў Мексіцы з Л.Троцкім і заснаваў «Міжнародную федэрацыю незалежнага рэв. мастацтва». У час 2-й сусв. вайны жыў у ЗША, у 1946 вярнуўся на радзіму. Аўтар вершаваных зб-каў «Зямны свет» (1923), «Дыханне вады» (1934), рамана «Надзя» (1928), эсэ «Заўвагі пра паэзію» (1936, з П.Элюарам), кн. «Аркан 17» (1945), «Лямпа ў гадзінніках» (1948) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихи] // Поэзия. М., 1990. № 57;

У кн.: Антология французского сюрреализма, 20-е годы. М., 1994;

Называть вещи своими именами: Программные выступления мастеров запад.-европ. лит. XX в. М., 1986.

Літ.:

Андреев Л.Г. Сюрреализм. М., 1972;

Балашова Т.В. Французская поэзия XX в. М., 1982;

Вирмо А. и О. Мэтры сюрреализма. СПб., 1996.

К.М.Міхееў.

т. 3, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)