Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫСЕ́ЛІУС, Тызеліус (Tiselius) Арне Вільгельм Каўрын (10.8.1902, Стакгольм —29.10.1971), шведскі біяхімік. Чл. Шведскай каралеўскай АН (з 1956 яе прэзідэнт), Нац. АН ЗША (1949). Скончыў Упсальскі ун-т (1925), дзе і працаваў (з 1938 праф., з 1951 дырэктар Ін-та біяхіміі). У 1960—64 прэзідэнт Нобелеўскага к-та па хіміі. Навук. працы па даследаванні адсорбцыі і электрафарэзу. Распрацаваў метады электрафарэтычнага і адсарбцыйна-храматаграфічнага аналізу біяпалімераў, у т. л. бялкоў сывараткі крыві. Даказаў комплексную прыроду сываратачных бялкоў. Нобелеўская прэмія 1948.

А.Тыселіус.

т. 16, с. 81

«ТЫ́СЯЧА»,

1) апалчэнне на Русі ў 11 — сярэдзіне 15 ст. Падзялялася на сотні. Падпарадкоўвалася тысяцкаму, які адказваў за збор, арганізацыю і ваен. падрыхтоўку «Т.».

2) Тэрыторыя (воласць) у некат. княствах стараж. Русі, напр., у Наўгародскай феадальнай рэспубліцы, якой кіраваў тысяцкі (прызначаўся князем або выбіраўся на вечы з баяр).

т. 16, с. 81

«ТЫ́СЯЧА»,

рэвалюцыйны атрад (1170 чал.) на чале з Дж.Гарыбальдзі, дзеянні якога прадвызначылі перамогу рэвалюцыі 1859—60 у Італіі. Сфарміравана ў г. Генуя, 11.5.1860 высадзілася на в-ве Сіцылія, каб скінуць феад. рэжым Бурбонаў у Сіцылій абедзвюх каралеўстве (Паўд. Італія). «Т.» стала ядром рэв. арміі, якая ў маі—ліп. 1860 разграміла войскі Бурбонаў на Сіцыліі, а ў жн.—кастр. — і ў мацерыковай частцы каралеўства, улада ў якім перайшла да рэв. ўрада Гарыбальдзі. Паход «Т.» значна паскорыў аб’яднанне Італіі.

т. 16, с. 81

ТЫСЯЧАГАЛО́Ў (Vaccaria),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 4 віды. Пашыраны ў Еўропе і ўмераным поясе Азіі. На Беларусі 1 від — Т. іспанскі, або пірамідальны. ці пасяўны (V. hispanica), нар. назва смолка. Трапляецца на палянах, схілах, часам як пустазелле ў пасевах.

Аднагадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамыя, галінастыя, выш. да 70 см. Лісце супраціўнае, суцэльнае. шызавата-зялёнае.

Кветкі ружовыя, у рыхлым шчыткападобным суквецці. Плод — каробачка. Насенне ядавітае.

Тысячагалоў іспанскі.

т. 16, с. 81

ТЫТА́Н,

спадарожнік планеты Сатурн, адзін з буйнейшых спадарожнікаў планет. Дыяметр каля 5150 км. Адлегласць ад планеты каля 1221,86 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 15 сут 23 гадз 15 мін. Мае атмасферу, якая складаецца з азоту з прымессю метану і інш. вуглевадародаў. Адкрыты ў 1655 К.Гюйгенсам.

т. 16, с. 81

ТЫТА́Н (лац. Titanium),

Ti, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 22, ат. м. 47,87. Прыродны Т. — сумесь 5 стабільных нуклідаў з масавымі лікамі 46—50; найб. пашыраны ​48Ti (73,45%). У зямной кары 0,57% па масе; у свабодным выглядзе не трапляецца (гл. Тытанавыя руды). Адкрыты ў 1791 англ. мінералогам У.​Грэгарам у выглядзе дыаксіду; назва «Т.» (ад тытанаў) прапанавана ў 1795 ням. хімікам М.​Клапратам.

Серабрыста-белы лёгкі метал, шчыльн. 4505 кг/м³, tпл 1671 °C. Існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: α-Ti з гексаганальнай шчыльнаўпакаванай рашоткай (устойлівы да 883 °C) і β-Ti з кубічнай аб’ёмна-цэнтраванай рашоткай (устойлівы пры t > 883 °C). Парамагнетык. У паветры пакрываецца ахоўнай аксіднай плёнкай, чым абумоўлена высокая каразійная ўстойлівасць Т. ў паветры (да 500 °C), разбаўленых растворах кіслот і шчолачаў, марской вадзе, растворах хларыдаў і азотнай к-це. Пры пакаёвай т-ры раствараецца ў плавікавай, канцэнтраваных салянай і сернай к-тах. Стружка і парашок Т. пірафорныя. Пры награванні Т. узаемадзейнічае з кіслародам (гл. Тытану аксіды), сухімі галагенамі (гл. Тытану галагеніды). Атрымліваюць хлараваннем рудных канцэнтратаў (пры перапрацоўцы ільменіту шлаку, што аддзяляецца ад жалеза плаўкай у электрапечах) з наступным аднаўленнем тэтрахларыду TiCl4 магніем (часам натрыем), здрабненнем і пераплаўкай атрыманага губчатага Т. ў зліткі. Выкарыстоўваюць пераважна для атрымання тытанавых сплаваў, а таксама стужкі, дрот з чыстага Т. для вырабу анодаў, сетак і інш. дэталей у электравакуумнай тэхніцы, парашкападобны Т. — як гетэр.

Літ.:

Титан: Свойства, сырьевая база, физ.-хим. основы и способы получения. М., 1983.

т. 16, с. 81

«ТЫТА́Н»,

серыя амер. ракет-носьбітаў для запуску касм. карабля «Джэміні», ШСЗ і аўтам. міжпланетных станцый; праграма іх распрацоўкі. Створаны на базе аднайм. міжкантынентальнай балістычнай ракеты. Распрацаваны 2-, 3- і 4-ступеньчатыя варыянты; выкарыстоўваецца вадкае і цвёрдае паліва. Стартавая маса 150—640 т, маса карыснага грузу, які выводзіцца на каляземную арбіту, да 10 т, на высокаэліптычную або геастацыянарную арбіту — да 5,8 т.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 81

ТЫТА́НАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні для прамысл. здабычы тытану. Вядома больш за 80 мінералаў, у якіх ёсць тытан, гал. з іх: ільменіт, рутыл, анастаз, брукіт, лейкаксен, лапарыт, тытаніт, пераўскіт. Большасць Т.р. комплексныя, з іх таксама здабываюць жалеза, ванадый, цырконій, скандый, фосфар і інш. Прамысл. радовішчы падзяляюцца на магматычныя, экзагенныя (кор выветрывання і россыпы) і метамарфагенныя. Колькасць TiO2 у рудах 0,5—35%. Радовішчы ў Аўстраліі, Канадзе, Нарвегіі, ЗША, Расіі, Індыі, Бразіліі і інш.

т. 16, с. 81

ТЫТА́НАВЫЯ СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове тытану. Характарызуюцца высокай мех. трываласцю. нізкай цеплаправоднасцю, невялікім каэф. лінейнага расшырэння, высокай каразійнай устойлівасцю ў некат. (мінер. к-ты, разбаўленыя растворы шчолачаў) хім. асяроддзях і марской вадзе (перавышаюць усе тэхн. сплавы); добра сумяшчальныя з жывой тканкай.

Паводле структуры большасць Т.с. — цвёрдыя растворы на аснове крышт. мадыфікацый тытану (α і β-Ti); бываюць адна- і двухфазныя. Найб. пашыраны двухфазныя сплавы з (α + β)-структурай, якія вызначаюцца найб. высокімі ў параўнанні з усімі метал. сплавамі значэннямі ўдзельнай трываласці. Атрымліваюць Т.с. легіраваннем тытану алюмініем, ванадыем. малібдэнам, марганцам, хромам і інш. элементамі. Выкарыстоўваюць пераважна ў авія-, ракета- і суднабудаванні, крыягеннай тэхніцы, для вырабу хім. і металургічнага абсталявання, пратэзаў у хірургіі.

Літ.:

Цвиккер У. Титан и его сплавы: Пер. с нем. М., 1979;

Металлография титановых сплавов. М., 1980.

т. 16, с. 82

ТЫТАНАМАГНЕТЫ́Т,

мінерал падкласа складаных аксідаў; тытаназмяшчальная разнавіднасць магнетыту (Fe, Ti)Fe2O4; таксама магнетыт з уключэннямі ульвашпінелі (гл. Шпінель) або ільменіту. Комплексная руда на жалеза (да 50%), тытан (7—15, да 50%), ванадый (8—9%). Утварае скопішчы ў кантактавых зонах масіваў габра, піраксенітаў, лабрадарытаў. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Канадзе, Швецыі, Нарвегіі, Танзаніі і інш.

т. 16, с. 82