ТЫТА́Н (лац. Titanium),
Ti, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 22, ат. м. 47,87. Прыродны Т. — сумесь 5 стабільных нуклідаў з масавымі лікамі 46—50; найб. пашыраны 48Ti (73,45%). У зямной кары 0,57% па масе; у свабодным выглядзе не трапляецца (гл. Тытанавыя руды). Адкрыты ў 1791 англ. мінералогам У.Грэгарам у выглядзе дыаксіду; назва «Т.» (ад тытанаў) прапанавана ў 1795 ням. хімікам М.Клапратам.
Серабрыста-белы лёгкі метал, шчыльн. 4505 кг/м³, tпл 1671 °C. Існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: α-Ti з гексаганальнай шчыльнаўпакаванай рашоткай (устойлівы да 883 °C) і β-Ti з кубічнай аб’ёмна-цэнтраванай рашоткай (устойлівы пры t > 883 °C). Парамагнетык. У паветры пакрываецца ахоўнай аксіднай плёнкай, чым абумоўлена высокая каразійная ўстойлівасць Т. ў паветры (да 500 °C), разбаўленых растворах кіслот і шчолачаў, марской вадзе, растворах хларыдаў і азотнай к-це. Пры пакаёвай т-ры раствараецца ў плавікавай, канцэнтраваных салянай і сернай к-тах. Стружка і парашок Т. пірафорныя. Пры награванні Т. узаемадзейнічае з кіслародам (гл. Тытану аксіды), сухімі галагенамі (гл. Тытану галагеніды). Атрымліваюць хлараваннем рудных канцэнтратаў (пры перапрацоўцы ільменіту шлаку, што аддзяляецца ад жалеза плаўкай у электрапечах) з наступным аднаўленнем тэтрахларыду TiCl4 магніем (часам натрыем), здрабненнем і пераплаўкай атрыманага губчатага Т. ў зліткі. Выкарыстоўваюць пераважна для атрымання тытанавых сплаваў, а таксама стужкі, дрот з чыстага Т. для вырабу анодаў, сетак і інш. дэталей у электравакуумнай тэхніцы, парашкападобны Т. — як гетэр.
Літ.:
Титан: Свойства, сырьевая база, физ.-хим. основы и способы получения. М., 1983.
т. 16, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)