ТЫСЕ́ЛІУС, Тызеліус (Tiselius) Арне Вільгельм Каўрын (10.8.1902, Стакгольм —29.10.1971), шведскі біяхімік. Чл. Шведскай каралеўскай АН (з 1956 яе прэзідэнт), Нац.АН ЗША (1949). Скончыў Упсальскі ун-т (1925), дзе і працаваў (з 1938 праф., з 1951 дырэктар Ін-та біяхіміі). У 1960—64 прэзідэнт Нобелеўскага к-та па хіміі. Навук. працы па даследаванні адсорбцыі і электрафарэзу. Распрацаваў метады электрафарэтычнага і адсарбцыйна-храматаграфічнага аналізу біяпалімераў, у т. л. бялкоў сывараткі крыві. Даказаў комплексную прыроду сываратачных бялкоў. Нобелеўская прэмія 1948.