Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТО́ЎСЦІК Уладзімір Антонавіч (н. 24.6.1949, Мінск),

бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1976 выкладае ў Бел. АМ (з 1996 праф., з 2001 заг. кафедры). Творчай манеры Т. ўласцівы свабоднае і вобразнае спалучэнне рэаліст. трактоўкі вобразаў з арыгінальнымі формамі і сродкамі рамантызму, сімвалізму, мадэрна. Часта выкарыстоўвае калажны прынцып кампазіцыі, востры і артыстычны малюнак спалучае са свабоднымі жывапіснымі плямамі і фактурнымі эксперыментамі. Творы вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі, дзе сучаснасць звязваецца з гісторыяй, інтымны свет з прыродным наваколлем, бел. рэаліі з заходнееўрапейскімі. У 1970—80-я г. звяртаўся да героіка-патрыят. і нац. праблематыкі: «Песня. Дакрананне» (1980), «А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю... (М.​Багдановіч)» (1981), «Год 1913, 9 лютага. Пецярбургская прэм’ера» (1982), «І проста лягу пад белы снег... Памяці У.​Караткевіча» (1986) і інш. З 1990-х г. стварае шматзначныя сінт. кампазіцыі алегарычнага характару, дзе часта вял. ролю адыгрываюць вобразы рамант. пачуццёвых жанчын: «Малітва» (1990), «Успамін аб Эладзе» (1992), «Жарт» (1993), «Серабро і золата» (1994), «На сцэне. Прэм’ера», «Восеньская казка», «Жанчыны, кветкі і птушкі», «Галасы мінулага», «Мелодыя для флейты» (усе 1995), «На Каляды ў Венецыі» (1996), «Вечны вершнік», «Цырк. Жанчына-воблака», «Цыганскі кароль» (усе 1997). Аўтар серыі «Святло і цені» (1993; Дзярж. прэмія Беларусі 1994). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982.

Я.​Ф.​Шунейка.

У.Тоўсцік. Цырк. Жанчына-воблака. 1997.

т. 15, с. 494

ТО́ЎСЦІКАЎ Павел Фёдаравіч (26.10.1904, г. Барысаў Мінскай вобл. —24.4.1985),

Герой Сав. Саюза (1945), генерал-маёр (1945). Скончыў Кіеўскую пях. школу (1930), курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу (1949), Вышэйшыя акад. курсы пры Акадэміі Генштаба (1953). У Чырв. Арміі з 1926. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Зах., Бранскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах: нач. аператыўнага аддзела штаба дывізіі, нам. нач. аператыўнага аддзела штаба арміі, нач. штаба стралк. дывізіі, корпуса, камандзір дывізіі. Дывізія на чале з палк. Т. вызначылася летам 1944 пры вызваленні Барысава, Мінска, у 1945 у баях за Кёнігсберг і Пілаў. Да 1957 у Сав. Арміі і цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР. Ганаровы грамадзянін г. Барысаў.

П.Ф.Тоўсцікаў.

т. 15, с. 494

Тоўсцік Аляксей Леанідавіч

т. 18, кн. 1, с. 462

Тоўсцік Аркадзь Апанасавіч

т. 18, кн. 1, с. 462

ТО́ФЛЕР (Toffler) Алвін (н. 4.10.1928, Нью-Йорк),

амерыканскі філосаф, сацыёлаг, футуролаг. З 1969 праф. Корнелскага ун-та, потым Новай школы сац. даследаванняў у Нью-Йорку, дзе выкладаў сацыялогію будучыні (вёў адзін з першых такіх семінараў у свеце). У працах «Шок будучыні» (1970), «Трэцяя хваля» (1980), «Метамарфозы ўлады» (1990) прааналізаваў тэндэнцыі і супярэчнасці гіст. эвалюцыі. Паводле Т., у развіцці чалавецтва вылучаюцца 3 цывілізацыйныя хвалі: даіндустрыяльная — аграрная цывілізацыя (да 1650—1750), заснаваная на простым падзеле працы, класавай структуры грамадства, аўтарытарнай уладзе і дэцэнтралізаванай эканоміцы; індустрыяльная — прамысл. цывілізацыя, якая прывяла да канфлікту паміж прыроднымі і сацыякульт. аспектамі чалавечага існавання, шматлікіх рэвалюцый, контррэвалюцый і войнаў 2-й пал. 18—20 ст.; постіндустрыяльная — камп’ютэрна-інфармацыйная цывілізацыя (з 2-й пал. 20 ст.), якая выклікана нарастаючым і паўсюдным выкарыстаннем камп’ютэраў, лазернай тэхнікі, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, электронікі, тэле- і відэакамунікацый, пастаянным абнаўленнем энергет. рэсурсаў і інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства. Да контураў гэтай новай, «першай сапраўды гуманнай цывілізацыі ў вядомай нам гісторыі» Т. адносіць таксама шырокае выкарыстанне інфарм. (гнуткіх) тэхналогій, дэмакратыю і плюралізм як аснову функцыянавання ўсіх сфер жыццядзейнасці людзей, пераход ад нац.-дзярж. замкнёнасці і самаўзвышэння да агульных рынкаў са свабодным перамяшчэннем тавараў, людзей, ідэй, культуры. На яго думку, у інфарм. грамадстве веды становяцца не толькі найважнейшым рэсурсам перадавой эканомікі, але і найб. эфектыўнай крыніцай і інструментам улады; пераразмеркаванне ведаў і інтэлектуальных рэсурсаў — неабходная перадумова жыццяздольнасці сучаснай цывілізацыі. Многія прагнозы Т. на бліжэйшую перспектыву спраўдзіліся, напр., прадказанні пра ўзмацненне процістаяння паміж багатымі і беднымі рэгіёнамі свету (Поўнач—Поўдзень, Амерыка—Азія), абвастрэнне праблем урбанізацыі, расавых, міжнац. і міжрэліг. канфліктаў і інш. Аўтар прац «Культурныя спажыўцы» (1973), «Даклад аб экаспазме» (1975), «Папярэднія нататкі і перспектывы» (1983), «Успрымальная карпарацыя» (1985) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Третья волна. М., 1999;

Метаморфозы власти: Знание, богатство и сила на пороге XXI в. М., 2002;

Шок будущего. М., 2002.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 15, с. 494

ТО́ШЧЫЦКІ БОЙ 1943,

бой партызан па разгроме ням.-фаш. гарнізона на чыг. ст. Тошчыца Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. на лініі Магілёў—Жлобін 5 вер. ў Вял. Айч. вайну. Буйны гарнізон, умацаваны дзотамі, драцянымі

загародамі, кулямётнай вышкай, ахоўваў участак ракаднай чыгункі ў тыле групы ням. армій «Цэнтр». Да раніцы 5 вер. 7 атрадаў партызан Барысаўскай ваенна-аператыўнай групы з З і У акружылі станцыю і ў светлы час сутак раптоўным ударам падавілі агнявыя кропкі праціўніка, падарвалі вышку. У ходзе бою яны ўзарвалі вадакачку, рэйкі, лесапільны з-д, спалілі эшалон, забралі трафеі і арганізавана адышлі. Чыгунка на ўчастку не дзейнічала 72 гадз.

У.​С.​Пасэ.

т. 15, с. 494