Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АТО́Н IV

(Otto) Браўншвейгскі (каля 1176 або 1182 — 19.5.1218),

кароль з 1198, імператар з 1209 «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Пляменнік англ. караля Рычарда І Львінае Сэрца. Пры ім вялася барацьба Вельфаў, да якіх належаў Атон IV, і Штаўфенаў за герм. прастол. Пасля паражэння пры Бувіне (1214) фактычна страціў уладу.

т. 2, с. 77

АТРА́Д у біялогіі, таксанамічная катэгорыя ў сістэматыцы жывёл, прамежкавая паміж сямействам і класам. Іншы раз у сувязі з павелічэннем драбнення сістэмы вылучаюць таксама пад-, інфра- і надатрады. Тэрмін уведзены ў 18 ст. шведскім вучоным К.Лінеем для абазначэння групы жывёл, якая аб’ядноўвае блізкароднасныя сямействы. Напрыклад, сям. сабачыя, янотавыя, куніцавыя, кашэчыя і інш. ўтвараюць атрад драпежных звяроў. Блізкія атрады складаюць клас, часам спачатку надатрад. Напрыклад, атрад бязногіх, хвастатых і бясхвостых земнаводных складаюць клас земнаводных, або амфібій. У сістэматыцы раслін атраду адпавядае парадак.

т. 2, с. 77

АТРА́Д

(ваен.),

1) ва ўзбр. сілах пастаяннае ці часовае вайсковае фарміраванне, якое ствараецца для выканання баявых або спец. задач. Бываюць разведвальныя, перадавыя, спецыяльныя, ваенна-будаўнічыя і інш. У час Вял. Айч. вайны — асн. арганізац. адзінка партыз. фарміраванняў (гл. Партызанскі атрад).

2) У ВМФ адрозніваюць атрад караблёў рознага прызначэння (дэсантныя, прыкрыцця і інш.); у ВПС — штатнае падраздзяленне, якое ўваходзіць у склад эскадрыллі.

3) У пагранічных войсках — асобная вайсковая часць.

т. 2, с. 77

АТРА́ДНАЕ

(да 1969 Бычкі),

вёска ў Беларусі, у Рачэнскім с/с Любанскага р-на Мінскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 20 км на ПдЗ ад Любані, 45 км ад чыг. ст. Урэчча, 163 км ад Мінска. 586 ж., 195 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 77

АТРАКТА́НТЫ

(ад лац. attrahere прывабліваць, прыцягваць),

прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, што прывабліваюць жывыя арганізмы. Асабліва рэагуюць на прысутнасць атрактантаў насякомыя, што выкарыстоўваецца ў с.-г. практыцы ў мэтах знішчэння шкоднікаў раслін і паразітаў жывёл. Атрактанты палавыя прывабліваюць як асобіны процілеглага полу, харчовыя — як ежа, некаторыя — як субстрат для адкладкі яец. Палавыя атрактанты насякомых — біялагічна актыўныя рэчывы: асобіна выдзяляе некалькі міліграмаў атрактантаў, а рэцэптары антэн другой асобіны ўспрымаюць некалькі малекул атрактантаў на адлегласці ў сотні метраў.

т. 2, с. 77

АТРАКТЫ́ЎНАСЦЬ АСЯРО́ДДЗЯ,

выбіральнасць асяроддзя, сукупнасць уласцівасцяў і адзнак навакольнага асяроддзя, дзякуючы якім жывыя арганізмы аддаюць перавагу пэўнаму біятопу пры пошуку ежы, месцаў размнажэння, сховішчаў і інш. Складаецца з комплекснага ўздзеяння на арганізмы (напр., на жывёл) візуальных, хім. і тактыльных раздражняльнікаў; яны могуць дзейнічаць адначасова або паслядоўна па меры прыбліжэння жывёлы да аб’екта. Для энтамафагаў атрактыўнасць асяроддзя могуць складаць раслінныя згуртаванні, багатыя іх ахвярамі.

т. 2, с. 77

АТРАКЦЫЁН

(франц. attraction літар. прыцягненне),

1) эфектны цыркавы ці эстрадны нумар. Праграма, у якой нумары аб’яднаны паводле тэматычнага або сюжэтнага прынцыпу.

2) Прылада для забавы ў месцах грамадскага адпачынку (карусель, кола агляду і інш.).

т. 2, с. 77

АТРА́КЦЫЯ,

паняцце, якое абазначае пачуццё прыхільнасці аднаго чалавека да другога. Фарміруецца ў суб’екта як вынік яго спецыфічных эмацыянальных адносін, ацэнка якіх параджае разнастайную гаму пачуццяў (ад непрыязнасці да сімпатыі і нават любові) і праяўляецца ў выглядзе асаблівай сац. устаноўкі на другога чалавека. У эксперыментальных даследаваннях вывучаюцца механізмы фарміравання прыхільнасцяў і сяброўскіх пачуццяў (гл. Дружба, Любоў) пры ўспрыманні інш. чалавека, прычыны з’яўлення станоўчых эмацыянальных адносін, у прыватнасці, роля падабенства характарыстык суб’екта і аб’екта ўспрымання, а таксама той сітуацыі, у якой яны знаходзяцца (напр., блізкасць партнёраў па адносінах, частата іх сустрэч, сумесная дзейнасць і гэтак далей).

т. 2, с. 77

АТРАПАТЭ́НА

(Atropatēnē),

старажытнагрэчаская назва вобласці Паўд. Азербайджана, якая ўключала зону Талышскіх гор, р. Аракс і воз. Урмія. Паводле ант. аўтараў, Атрапатэна — раннерабаўладальніцкая дзяржава са сталіцай у г. Газака, адзін з асн. цэнтраў зараастрыйскай рэлігіі. У 3 ст. да нашай эры Атрапатэна актыўна ўдзельнічала ў барацьбе супраць захопніцкай палітыкі Селеўкідаў, а ў апошнія стагоддзі да нашай эры — супраць рым. экспансіі. У 7 ст. Атрапатэна заваявана Араб. Халіфатам.

т. 2, с. 77

АТРАПІ́Н,

арганічнае рэчыва з групы алкалоідаў. Ёсць у некат. раслінах сям. паслёнавых (беладонна, блёкат, дурнап’ян і інш.). Лекавы (гал. чынам халіналітычны) сродак пры язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, пілараспазме, жоўце- і нырачнакамянёвай хваробах, бранхіяльнай астме, ірытах, атручванні марфінам, ацэтылхалінам, карбахалінам і інш. Дзейнічае як антаганіст ацэтылхаліну: паслабляе гладкую мускулатуру (здымае спазмы бронхаў і інш.), зніжае сакрэцыю залоз, паскарае біццё сэрца, павышае ўзбуджальнасць дыхальнага цэнтра, расшырае зрэнкі. У медыцыне і эксперым. нейрафізіялогіі звычайна выкарыстоўваюць сульфат атрапіну.

т. 2, с. 78