АТРАКТА́НТЫ

(ад лац. attrahere прывабліваць, прыцягваць),

прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, што прывабліваюць жывыя арганізмы. Асабліва рэагуюць на прысутнасць атрактантаў насякомыя, што выкарыстоўваецца ў с.-г. практыцы ў мэтах знішчэння шкоднікаў раслін і паразітаў жывёл. Атрактанты палавыя прывабліваюць як асобіны процілеглага полу, харчовыя — як ежа, некаторыя — як субстрат для адкладкі яец. Палавыя атрактанты насякомых — біялагічна актыўныя рэчывы: асобіна выдзяляе некалькі міліграмаў атрактантаў, а рэцэптары антэн другой асобіны ўспрымаюць некалькі малекул атрактантаў на адлегласці ў сотні метраў.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)