АТРА́Д у біялогіі, таксанамічная катэгорыя ў сістэматыцы жывёл, прамежкавая паміж сямействам і класам. Іншы раз у сувязі з павелічэннем драбнення сістэмы вылучаюць таксама пад-, інфра- і надатрады. Тэрмін уведзены ў 18 ст. шведскім вучоным К.Лінеем для абазначэння групы жывёл, якая аб’ядноўвае блізкароднасныя сямействы. Напрыклад, сям. сабачыя, янотавыя, куніцавыя, кашэчыя і інш. ўтвараюць атрад драпежных звяроў. Блізкія атрады складаюць клас, часам спачатку надатрад. Напрыклад, атрад бязногіх, хвастатых і бясхвостых земнаводных складаюць клас земнаводных, або амфібій. У сістэматыцы раслін атраду адпавядае парадак.
т. 2, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)