АПЕРА́ТАРЫ ў квантавай механіцы, матэматычныя аперацыі, якія выконваюцца над хвалевай функцыяй, што апісвае стан сістэмы. Служаць для супастаўлення з зададзенай хвалевай функцыяй (вектарам стану) ψ інш. функцыі
, дзе L̂ — аператар, якому адпавядае фіз. велічыня L. Напр., аператар множання , дзе x̂ — аператар каардынаты; дыферэнцавання
, дзе P̂x — аператар праекцыі імпульсу на вось х. Над аператарам можна выконваць алг. дзеянні, напр., здабытак азначае, што , калі і . Яўны выгляд аператара вызначаецца ўласцівасцямі пераўтварэнняў той сіметрыі, з якой звязана матэм. фармулёўка адпаведнага закону захавання (гл. Нётэр тэарэма). Уласцівасці аператара L̂ вызначаюцца ўраўненнем ; яго рашэнні ψn (уласныя функцыі) апісваюць квантавыя станы, у якіх фіз. велічыня L прымае значэнні Ln(уласныя значэнні аператара). Набор такіх значэнняў (спектр) выяўляе ўсе значэнні фіз. велічыні L, якія можна вызначыць эксперыментальна, бывае неперарыўным (напр., аператар каардынат, імпульсу), дыскрэтным (аператар праекцыі моманту імпульсу на каардынатную вось) і змешаным (аператар энергіі ў залежнасці ад характару сіл, што дзейнічаюць у сістэме; дыскрэтныя ўласныя значэнні аператара наз. ўзроўнямі энергіі). У квантавай механіцы карыстаюцца пераважна лінейнымі аператарамі і эрмітавымі аператарамі.
А.А.Богуш.
т. 1, с. 423
АПЕРАТЫ́ЎНАЕ КІРАВА́ННЕ,
сістэма кіравання вытворчымі, сацыяльнымі і інш. аб’ектамі для аператыўнага забеспячэння іх функцыянавання ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай. Аб’екты аператыўнага кіравання — розныя бакі вытв. і сац. працэсаў: напр., работа зборачнага цэха, пастаўка сыравіны, збыт прадукцыі, вырашэнне жыллёва-бытавых праблем і інш. Яго сутнасць — мэтавае накіраванне працэсу прычынна-выніковых сувязяў і ўзаемадзеянне элементаў у аб’екце кіравання. Аператыўнае кіраванне ўключае: аператыўнае планаванне (распрацоўка аператыўных планаў, праграм, нормаў, нарматываў з давядзеннем заданняў да выканаўцаў), аператыўны ўлік (адлюстраванне вынікаў вытв. ці сац. працэсаў), аператыўны аналіз (своечасовае выяўленне і вымярэнне фактараў, якія выклікаюць адхіленні ад планавых заданняў, гл. Аналіз гаспадарчай дзейнасці), аператыўнае рэгуляванне (выпрацоўка кіраўніцкіх рашэнняў і арганізацыя іх выканання для ліквідацыі прычын адхілення працэсу ад запланаваных параметраў). Практычна аператыўнае кіраванне пачынаецца з аператыўнага планавання, затым на працягу кароткага часу (дэкады, тыдня, сутак, змены і інш.) фіксуюцца вынікі вытв. працэсу, на аснове якіх выяўляюцца прычыны збояў і адхілення ад планавых заданняў і прымаецца рашэнне па рэгуляванні вытв. ці сац. працэсаў у адпаведнасці з планам. У сістэму аператыўнага кіравання ўваходзяць функцыі, якія выконваюць дапаможную ролю ці стымулююць дзейнасць спецыялістаў (арганізацыя, каардынацыя, кантроль, матывацыя і інш.).
Літ.:
Стражев В.И. Оперативное управление предприятием, проблемы учета и анализа. Мн., 1973;
Саламатин Н.А., Фель А.В., Шишкина Е.Л. Оперативное управление производством. М., 1993.
В.І.Стражаў.
т. 1, с. 424
АПЕРАТЫ́ЎНАЕ МАЙСТЭ́РСТВА,
састаўная частка ваеннага майстэрства, якая ахоплівае пытанні тэорыі і практыкі падрыхтоўкі і правядзення самастойных і сумесных аперацый і баявых дзеянняў аператыўных аб’яднанняў розных відаў узбр. сіл. Даследуе і распрацоўвае арганізацыю ўзаемадзеяння, усебаковага забеспячэння войскаў (сіл) і кіраванне імі і інш. Гл. ў арт. Ваеннае майстэрства.
т. 1, с. 424
АПЕРАТЫ́ЎНАЯ СУ́ВЯЗЬ у кіраванні, хуткая перадача і прыём дзелавой інфармацыі, звязанай з працоўнай дзейнасцю прадпрыемстваў, устаноў і інш. Забяспечваецца сродкамі аргтэхнікі. Бывае бездакументальная (тэлефонная, радыёсувязь і інш.) і дакументальная (тэлегр., фотатэлегр. сувязь, факс, пнеўмапошта і інш.).
т. 1, с. 424
АПЕРАТЫ́ЎНА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
гл. Аператыўны аналіз.
т. 1, с. 424
АПЕРАТЫ́ЎНЫ АНА́ЛІЗ,
сістэма хуткага даследавання кароткатэрміновых вынікаў вытв.-гасп. дзейнасці і сац. развіцця з мэтай іх рэгулявання ў аператыўным цыкле кіравання. Накіраваны на выяўленне і вымярэнне кароткатэрміновых прычынна-выніковых сувязяў, якія абумоўліваюць змены адпаведных аб’ектаў аператыўнага кіравання. Ажыццяўляецца на аснове звестак аператыўнага ўліку, як правіла, за дэкаду, тыдзень, суткі, змену і больш кароткія адрэзкі часу. У адрозненне ад інш. відаў сац.-эканам, аналізу аператыўны аналіз мае характэрныя рысы: выкарыстоўваецца толькі ў аператыўным кіраванні; дае інфармацыю для кіраўніцкіх рашэнняў па ўздзеянні на кароткатэрміновыя прычыны, што выклікаюць адхіленні ад зададзеных параметраў; выкарыстоўвае індуктыўны метад даследавання; даследуе адхіленні толькі ў пэўных (вузкіх) межах. Адрозніваюць: аператыўны тэхн. аналіз (даследуе кароткатэрміновыя прычынна-выніковыя сувязі, якія ўплываюць на фарміраванне і змену натуральных паказчыкаў гасп. дзейнасці: штомесячны аналіз уборкі збожжа, выпуску прадукцыі і г.д.), аператыўны эканам. аналіз (тыя ж сувязі, паказчыкі, але ў вартасным — грашовым выражэнні: штомесячны аналіз сабекошту прадукцыі і інш.); аператыўны аналіз асобных бакоў сац. сферы дзейнасці (напр., аналіз аварыйных сітуацый).
В.І.Стражаў.
т. 1, с. 424
АПЕРАЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
метад аналізу матэматычнага, які дае магчымасць зводзіць рашэнне складаных матэм. задач да больш простых. У аснову закладзена замена па пэўных правілах зададзеных функцый (арыгіналаў) 𝑓(t) інш. функцыямі (вобразамі) камплекснай пераменнай F(s); пры гэтым аперацыя дыферэнцавання пераходзіць у аперацыю множання на s, інтэгравання — дзялення на s, дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні — у алг. ўраўненні і інш.
Англ. вучоны О.Хевісайд прапанаваў у 1892 фармальныя правілы карыстання аператарам p=d/dt і некаторымі функцыямі гэтага аператара, з дапамогай чаго вырашыў шэраг задач электрадынамікі. Абгрунтаванне аперацыйнага злічэння праводзіцца на аснове інтэгральнага Лапласа пераўтварэння. Аперацыі знаходжання вобразаў па арыгіналах (і наадварот) забяспечаны спец. табліцамі. Найбольш агульныя вынікі аперацыйнага злічэння атрыманы на аснове тэорыі абагульненых функцый. Далейшае развіццё ідэі аперацыйнага злічэння атрымалі ў функцыянальным злічэнні аператараў, сімвалічным злічэнні псеўдадыферэнцыяльных аператараў. Распрацаваны абагульненні аперацыйнага злічэння на аснове пераўтварэнняў Фур’е і Меліна; для інш. дыферэнцыяльных аператараў.
Літ.:
Диткин В.А., Прудников А.П. Интегральные преобразования и операционное исчисление. 2 изд. М., 1974.
А.В.Антаневіч.
т. 1, с. 424
АПЕРАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,
комплекс праграм на ЭВМ, якія забяспечваюць усе працэсы пры выкананні любой праграмы карыстальніка. Пастаянна знаходзіцца ў памяці машыны, звязвае ўсе яе вузлы ў адзінае цэлае, забяспечвае эфектыўнае выкарыстанне выліч. сістэмы і шырокі набор паслуг. Складанасць і структура аперацыйнай сістэмы залежаць ад функцый і характарыстык працэсараў, сістэмы камандаў, спосабу размяшчэння праграм у памяці, прыстасаванняў уводу-вываду інфармацыі, метадаў доступу да выліч. сістэмы і інш. Тэарэт. аснову распрацоўкі аперацыйнай сістэмы складаюць графаў тэорыя, масавага абслугоўвання тэорыя і інш. Апаратныя сродкі і матэм. забеспячэнне ствараюцца для пэўнай аперацыйнай сістэмы, якая складаецца са стартавай праграмы (запуск ЭВМ і яе самакантроль; кантролеры знешніх прыстасаванняў), дыспетчара (устанаўлівае чарговасць выканання праграм), рэдактара (работа са структурнымі аб’ектамі), адміністратара (улік часу работы працэсара і выкарыстанне памяці) і інш.
М.П.Савік.
т. 1, с. 424
АПЕРА́ЦЫЙ ДАСЛЕ́ДАВАННЕ,
метад распрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый па прыняцці аптымальных рашэнняў па арганізацыі і кіраванні дзеяннямі (аперацыямі). Навукова аформілася для рашэння тэхн., тэхніка-эканам. задач і задач кіравання ў канцы 1940-х г.
У кожнай задачы аперацый даследавання фармальна апісана мноства магчымых рашэнняў і вызначанай мэтавай функцыі, значэнні якой характарызуюць меру дасягнення мэты пры кожным магчымым рашэнні. Задачы аперацый даследавання бываюць статычныя і дынамічныя, дэтэрмінаваныя і стахастычныя. У статычных задачах мэтавая функцыя яўна не залежыць ад часу, у дынамічных — час мае істотнае значэнне, у дэтэрмінаваных — выбар канкрэтнага рашэння прыводзіць да пэўнага значэння мэтавай функцыі, у стахастычных — гал. ролю адыгрывае фактар выпадковасці. Пры рашэнні статычных дэтэрмінаваных задач карыстаюцца метадамі лінейнага і нелінейнага праграмавання, дынамічных дэтэрмінаваных — дынамічнага праграмавання, стахастычных — тэорыі імавернасцяў, матэм. статыстыкі, тэорыі масавага абслугоўвання, стат. тэорыі прыняцця рашэнняў. Задачы, у якіх сутыкаюцца інтарэсы двух і больш бакоў, рашаюцца метадамі тэорыі гульняў. Калі дакладнае рашэнне задачы немагчыма, карыстаюцца метадам стат. выпрабаванняў (гл. Монтэ-Карла метад). Для рашэння складаных задач распрацаваны пакеты праграм для ЭВМ. Гл. таксама Аптымізацыі задачы і метады.
М.А.Лепяшынскі.
т. 1, с. 424
АПЕРА́ЦЫЯ
(ад лац. operatio дзеянне),
1) закончанае дзеянне або шэраг дзеянняў, накіраваных на дасягненне пэўнай мэты (напр., аперацыя ваенная), асобная закончаная частка тэхнал. працэсу, якая выконваецца на адным рабочым месцы (напр., аперацыя вытворчая).
2) Асобнае дзеянне сярод многіх іншых; выкананне якой-н. фін., крэдытнай, прамысл., гандл., страхавой або інш. задач, напр., банкаўская аперацыя, паштовая аперацыя.
3) У выліч. тэхніцы выкананне лічбавай выліч. машынай якога-н. дзеяння з зыходнымі велічынямі, напр., арыфм. аперацыя.
т. 1, с. 425