Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВА́РМІЯ

(Warmia),

гістарычная вобласць на Пн Польшчы на У ад г. Эльбланг і ніжняга цячэння Віслы. Знаходзіцца ў Альштынскім Паазер’і, у межах Альштынскага ваяводства. У старажытнасці тэрыторыя прускага племя вармаў. У пач. 13 ст. заваявана крыжакамі, з 1234 вылучана ў Вармінскае біскупства, падпарадкавана ордэну. З 1466 у складзе Польшчы, з 1773 — Прусіі. У 1945 вернута Польшчы.

т. 4, с. 10

Вармус Харальд Эліят

т. 18, кн. 1, с. 362

ВА́РНА

(санскр.),

тэрмін для абазначэння 4 асн. саслоўяў у Стараж. Індыі (брахманы — жрацы, кшатрыі — воіны, вайшыі — радавыя супляменнікі, шудры — слугі абшчыны). Прыналежнасць да варны вызначалася нараджэннем. Члены першых трох варнаў у дзяцінстве праходзілі абрад пасвячэння, які лічылі другім нараджэннем, таму наз. «двойчы народжанымі». Шлюбы паміж прадстаўнікамі розных варнаў забараняліся. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. пачаўся працэс ператварэння сістэмы варнаў у сістэму кастаў. У сярэднія вякі пераважаў падзел на касты.

т. 4, с. 10

ВА́РНА,

горад на У Балгарыі. Адм. ц. Варненскай вобл. 308,6 тыс. ж. (1992). Гал. порт краіны на Чорным м. (звязаны паромам з укр. портам Ільічоўск). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., культ. і турыстычны цэнтр. Прам-сць: судна- і дызелебудаванне, тэкст., швейная, харч. (мясная, кансервавая, вінаробная і інш.). ЦЭС. Прамысл. спадарожнік Варны — г. Дэўня (хім. прам-сць). ВНУ. НДІ акіянаграфіі і рыбнай гаспадаркі. Музеі. Тэатры. Рэшткі ант. і ранневізантыйскага горада. У раёне Варны прыморскія кліматычныя курорты Дружба, Залатыя Пяскі, Албена.

Засн. ў 6 ст. да н.э. як грэч. калонія Адэсас, з 7 ст. балг. горад Варна. У 1391—1878 пад уладай Турцыі. 10.11.1444 каля Варны адбылася бітва тур. войск султана Мурада II з арміяй кааліцыі еўрап. дзяржаў (венграў, палякаў, валахаў) на чале з каралём Польшчы і Венгрыі Уладзіславам III і венг. ваяводам Янашам Хуньядзі; саюзныя войскі пацярпелі паражэнне, Уладзіслаў III загінуў, што прадвызначыла далейшы лёс Балканаў і Канстанцінопаля. У час рус.-тур. войнаў 18—19 ст. рус. войскі тройчы вялі аблогу Варны (1723, 1810, 1828), у 1828 авалодалі горадам.

т. 4, с. 10

ВА́РНАЛІС

(Barnalēs) Костас (26.2.1884, г. Бургас, Балгарыя — 16.12.1974),

грэчаскі пісьменнік. Першы зб. вершаў «Соты» (1905) прасякнуты геданістычнымі і эстэцкімі матывамі. Аўтар зб-каў паліт. лірыкі «Свабодны свет» (1965), «Гнеў народа» (1975), паэм «Святло, якое пячэ» (1922), «Асаджаныя рабы» (1927), сатыр. аповесцяў-памфлетаў «Сапраўдная апалогія Сакрата» (1931; бел. пер. М.Бусла), «Дзённік Пенелопы» (1947) і інш., зб. памфлетаў «Дыктатары» (1954), драмы «Атал III» (1970), літ.-крытычных артыкулаў (кн. «Эстэтыка—крытыка», 1958).

Тв.:

Бел. пер. — Сапраўдная апалогія Сакрата // Далягляды. Мн., 1992;

Рус. пер. — Избранное. М., 1959;

Стихотворения и поэмы. М., 1985.

Літ.:

Мочос Я. Костас Варналис и литература греческого Сопротивления. М., 1968.

т. 4, с. 10

ВА́РНЕНСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Чорнага м., каля берагоў Балгарыі. Даўж. 3 км, шыр. каля ўваходу 7 км, глыб. 10—18 м. У суровыя зімы замярзае. Порт — Варна.

т. 4, с. 10

ВАРНЯ́НСКІ АРХІТЭКТУ́РНЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік горадабудаўніцтва барока. Сфарміраваўся ў 1760—70-я г. ў в. Варняны (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Арганізаваны вакол прамавугольнай у плане плошчы. Дамінантай ансамбля з’яўляецца размешчаны на ўсх. баку Георгіеўскі касцёл (пабудаваны ў 1767—69 у стылі позняга барока, дабудаваны ў 1880, 1909, фундатарка — уладальніца Варнян М.Абрамовіч, арх. А.Казакоўскі) — двухвежавы 1-нефавы мураваны храм з трансептам. Арх. пластыка (прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і шчыта) сканцэнтравана на гал. фасадзе. Касцёл фланкіруюць 2-павярховыя мураваныя дом аптэкара і плябанія (1770), якія ствараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр з акруглай па абрысе агароджай. На зах. баку плошчы быў палацава-паркавы комплекс (2-я пал. 18 — 1-я пал. 19 ст.; не захаваўся). На паўд. і паўн. баках плошчы размяшчалася па 8 аднатыпных драўляных 1-павярховых жылых дамоў, накрытых вальмавымі дахамі (захаваліся часткова). Мураваныя сцены іх фасадаў, злучаныя паміж сабой арачнымі праездамі, утваралі суцэльны фронт вулічнай забудовы, у якую ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.

А.М.Кулагін.

т. 4, с. 10

ВАРНЯ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км ад г.п. Астравец, 216 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гудагай, на шашы, што звязвае Варняны з Астраўцом. 1336 ж., 481 двор (1995).

У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 1391. У 1397 належалі вял. кн. ВКЛ Ягайлу і перададзены Віленскаму капітулу. У 16 ст. належалі Пронскім, Свірскім, Чыжам, з канца 16 ст. да 1860 — Абрамовічам, потым — Снядэцкім і Хамінскім. З 1688 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1880-я г. 249 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1970 — 1284 жыхары.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Варнянскі архітэктурны ансамбль.

т. 4, с. 11

ВАРО́Н Марк Тэрэнцый

(Marcus Terentius Varro; 116 да н.э., г. Рыеты, Італія — 27 да н.э.),

старажытнарымскі пісьменнік і вучоны-энцыклапедыст. Паходзіў з саслоўя коннікаў, займаў паліт. і ваен. пасады. У грамадз. вайне 49 выступаў супраць Цэзара. У 47 пасля прымірэння з Цэзарам па яго даручэнні арганізаваў і ўзначаліў першую ў Рыме публічную б-ку. Аўтар гіст., геагр., філас., літ. прац, асн. з іх «Старажытнасці...» (41 кн., не захаваліся), «Пра лацінскую мову» (25 кн.), «Навукі», «Меніпавы сатыры» (150 кн.), «Пра сельскую гаспадарку» (3 кн.).

т. 4, с. 11

ВАРО́НА вёска ў Беларусі, у Варнянскім с/с Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр калгаса. За 19 км ад Астраўца, 259 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Гудагай. 365 ж., 135 двароў (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — Георгіеўскі касцёл (18 ст.).

т. 4, с. 11