пая́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца паяннем.
паямчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑ае; зак.
Разм. Зрабіцца ёмкім, ямчэйшым. [Жана:] — Сонька твая, бачыла неяк, паямчэла апошнім часам, пасталела. Мыслівец.
пая́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. паяць.
пая́рак, ‑рку, м.
Воўна ад першай стрыжкі ягнят.
пая́ркавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паярку; зроблены з паярку. Паяркавыя валёнкі. Паяркавы капялюш.
паярчэ́ць, ‑эе; зак.
Стаць яркім, ярчэйшым. Вочы ў Васіліны успыхнулі ад здзіўлення, прамяністы блакіт нібы паярчэў у іх. Хадкевіч. Колеры адразу паярчэлі, дзень здаўся яснейшым. Чорны.
паясне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які паяснеў, стаў ясным. Толькі на світанні, калі ў паяснелыя вокны глянуў звычайны, такі знаёмы свет, які ўсё шырэў, прастарнеў, пачынаў праменіцца, штосьці варухнулася, ажыло ў .. [Ганне]. Мележ.
паясне́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паясняць — паясніць.
2. Заўвага, тлумачэнне, якое робіць што‑н. больш зразумелым. Ніякага рэальнага зместу не ўкладаў Пракоп у гэтае слова. Ён моўчкі глядзеў на Міколу, баючыся паказацца невукам і чакаючы паяснення. Колас.
паясне́ць, ‑ее; зак.
Стаць ясным, яснейшым. Нарэшце на ўсходзе за гарамі паявілася нешта затоена-светлае, паяснеў гарызонт, горы ў сіняй смузе яшчэ больш пачарнелі. Хомчанка. / у безас. ужыв. Пакуль узыйдзе месяц, яшчэ цёмна з вечара. А калі паяснее — там будзе ўжо лес, не гэтакая голая мясцовасць. Чорны. У галаве Каваля паяснела. Яму раптам блізка да сэрца прыйшоўся гэты худы хлапчук. Савіцкі.