Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

выкрута́сісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Надзвычай мудрагелісты, вычварны. Выкрутасісты подпіс. Выкрутасістая мова. □ [Сцёпка:] — Каб выказаць разумную думку, не трэба многа прыгожых і выкрутасістых слоў. Колас.

выкрута́сы, ‑аў; адз. няма.

Разм. Мудрагелістыя, вычварныя рухі, лініі. Язда з выкрутасамі. Карнізы з выкрутасамі. □ Раптам самалёт з непамернай вышыні вопрамеццю пачаў падаць на зямлю, робячы розныя выкрутасы то ўлева, то ўправа... Чарот. Двары абгароджаны штакетам, а дзе і добрай габляванай шалёўкай, нават з выкрутасамі над веснічкамі і варотамі. Сабаленка. // Мудрагелістыя моўныя звароты, словазлучэнні. Слоўныя выкрутасы. // перан. Хітрыкі, выкруты. [Следчы:] — Ну вось і добра, што прызналіся без выкрутасаў. Пальчэўскі.

•••

Вырабляць выкрутасы гл. вырабляць.

вы́крутка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Разм. Выхад з цяжкага становішча. Ніякай выкруткі няма.

выкру́тлівасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць выкрутлівага. Дазвол ёсць, пляц ёсць — і .. [Бабейка] ўзяўся за справу з уласцівай яму энергіяй і выкрутлівасцю. Хадкевіч.

выкру́тлівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які можа лёгка знайсці выйсце з цяжкага становішча. Выкрутлівы гаспадарнік.

вы́круціцца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. Адкруціўшыся, выпасці, выняцца. Выкруціўся вінт.

2. Пры сцісканні кручэннем выпусціць ваду (пра бялізну). Сарочка добра выкруцілася.

3. Разм. Вывіхнуцца. Выкруцілася рука ў плячы.

4. Спрытна выслізнуць, вызваліцца ад каго‑н., з чаго‑н. [Лора] з усяе моцы рванулася ад .. [Вілюевіча], выкруцілася і пабегла ў клуб. Грамовіч.

5. перан. Выйсці з цяжкага, непрыемнага становішча. Выкруціцца з бяды. □ [Клава:] Сёння вам ад мяне не выкруціцца. Крапіва. Прыцягнутаму да суда містэру Крукеру ўдалося выкруціцца ад пакарання. Лынькоў.

6. Абл. Сысці, з’ехаць, знікнуць. [Старая] ўсё яшчэ не траціла надзеі, што Юзік, нарэшце, куды-небудзь выкруціцца, і тады ўся гаспадарка Піліпку застанецца. Крапіва.

вы́круціць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.

1. Круцячы ў адваротны бок, дастаць, выняць, выцягнуць што‑н. Выкруціць электрычную лямпачку. // Вывернуўшы руку, прымусіць каго‑н. адпусціць што‑н. Я рвануў.. [Капейку] раз і другі і кульнуў пад сябе на мох. Я намагаўся выкруціць з рук наган. Брыль. // Разм. Узмацніць, павялічыць (пра агонь у лямпе). Зося падышла да стала, выкруціла ў лямпе агонь, прысела на ўслоне. Гартны.

2. Круцячы што‑н., выціснуць ваду. Туравец сеў на траву і, стараючыся не вярэдзіць раненую руку, зняў боты, выкруціў мокрыя анучы. Мележ.

3. Высвідраваць. Выкруціць дрылём дзірку.

4. Разм. Вывіхнуць, вывернуць. Выкруціць руку, палец.

5. Разм. Круцячы, зрабіць, утварыць што‑н. Выкруціць мудрагелісты подпіс.

6. Разм. Выгадаць. Грамадой.. падручыўся напалавіну.. шнурок урабляць. Колькі там тае палавіны.., а Грамабой яшчэ і з гэтай палавіны сабе выкруціць. Крапіва.

•••

Мокры, хоць выкруці гл. мокры.

вы́кручаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выкруціць.

выкруча́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З мноствам паваротаў, звілісты. Банадысь сцішыў хаду, выбіраючыся на выкручастую сцежку ў хмызняку. Чорны.

выкру́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. выкручваць — выкруціць.