паштма́йстар, ‑тра, м.
Уст. Кіраўнік паштовай канторы.
пашто́вы, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з поштай, з перасылкай пісьмаў, пасылак, грошай і пад. Паштовая сувязь. Паштовае агенцтва. □ Мне трэба .. напісаць пісьмо аднаму чалавеку, але я не ведаў, ці ёсць там у іх паштовае аддзяленне, ці трэба пісаць на горад. Чорны. // Прызначаны для адпраўленняў па пошце (пісьмаў, пасылак і пад.). Паштовыя маркі. Паштовы поезд. Паштовая скрынка. // Які абслугоўвае пошту. Паштовы служачы.
пашто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.
Паштовая картка для адкрытага пісьма; паштовая картка з якім‑н. малюнкам. [Юзік:] Напісаў я табе з дарогі адну паштоўку, ды, мусіць, яна не дайшла да цябе. Крапіва. У пралёце стаялі сталы з раскладзенымі на іх кнігамі, сшыткамі, школьнымі дзённікамі, маляўнічымі паштоўкамі. Карпаў. — Цяпер пабудаваны новы горад. Ды я магу вам паштоўкі паказаць, у мяне акурат ёсць з відамі Мінска. Арабей. // Разм. Фатаграфічная картка такога памеру. [Дошка гонару] была невялікая памерам, і фотакарткі на ёй таксама былі невялікія — звычайныя паштоўкі. Васілёнак.
пашту́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Штурхацца некаторы час. Дзеці трохі пакідаліся снежкамі, трохі паштурхаліся.., каб сагрэцца. Паўлаў.
пашту́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Штурхець некаторы час; штурхнуць некалькі разоў. Лаўрэна [парабкі] паштурхалі трохі са злосці і пусцілі на ўсе чатыры бакі. Якімовіч.
пашту́рхваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Час ад часу або злёгку штурхець. Затое ж дзед Сёмка, як бог, Ідзе за працэсіяй ззаду. Паважны, не чуючы ног, Паштурхвае локцем Гарваду. Колас.
пашту́чны, ‑ая, ‑ае.
Які вылічваецца за кожную штуку, асобны прадмет. Паштучная аплата. // Які выпускаецца, прадаецца і пад. штукамі, не агулам. Паштучны продаж. Паштучная апрацоўка дэталей.
паштэмпелява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.
1. Заштэмпеляваць усё, многае.
2. Штэмпеляваць некаторы час.
паштэ́т, ‑у, М ‑тэце, м.
Страва з мясных, рыбных або іншых прадуктаў, працёртых да пастападобнага стану. Пячоначны паштэт. □ На стале была чырвоная ікра, заліўная курыца, паштэт, адмыслова ўпрыгожаная смажаная рыба. Арабей.
[Ням. Pastete.]
паштэ́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паштэту; прыгатаваны з паштэту. Паштэтныя кансервы.