Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пашарэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Зрабіцца шэрым або больш шэрым. Пад раніцу мокры снег падшэрх і пашарэў ад сажы і соцень, салдацкіх ботаў. Грахоўскі. Светлы, з тонкім мі рысамі твар за гэтую ноч асунуўся і пашарэў. Мележ. Калі .. [Васіль] прачнуўся, была яшчэ ноч. Але неба прыкметна пашарэла. Сачанка. / у безас. ужыв. [Ціток:] — Каб крышку на дварэ пашарэла, то я б і пайшоў. Лобан.

паша́станы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пашастаць (у 2 знач.).

паша́стаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Шастаць некаторы час. [Шалюта] пашастаў карабком запалак, прыкурыў і высока ўзнятай рукой асцярожна паклаў малюсенькую галавешачку ў попельніцу. Дуброўскі. Бывае, унадзіцца ў сады моцны вецер. Пашастае, паходзіць, паносіцца між яблынь. Сіпакоў. Віця пашастаў запазухай і падаў Паўліку невялікі альбомчык. Беразняк.

2. што. Разм. Парэзаць, парваць. — А што дзяліць тую зямлю? Пашастаем на шматкі. Дуброўскі. [Пятрок:] — Але нашто ты .. кашулю яшчэ новую мне пашастаў, вочы пяском засыпаў? Нікановіч.

пашаткава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пашаткаваць.

пашаткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Дробна парэзаць (звычайна капусту) — пра ўсё, многае. Пашаткаваць усю капусту.

2. і без дап. Шаткаваць некаторы час.

пашатрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

1. Ашатраваць усё, многае.

2. Шатраваць некаторы час.

пашвэ́ндацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Швэндацца некаторы час. Сонца яшчэ стаяла высока і можна было з гадзіну пашвэндацца па байдзінскіх нетрах. Скрыган.

пашкадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе.

Зак. да шкадаваць.

пашклі́ць, ‑шклю, ‑шкліш, ‑шкліць; зак., што.

Зашкліць усё, многае. У .. Крамарэвічавым доме паклалі падлогу, паставілі печы, пашклілі вокны. Чорны.

пашко́джанне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пашкодзіць.

2. Тое, што пашкоджана; пашкоджанае месца. Больш як месяц Віташкевіч працаваў са станком адзін, сам ліквідоўваў непаладкі, пашкоджанні. Кавалёў. З такім пашкоджаннем машына не магла ісці ў рэйс. Васілёнак.