Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пашапта́цца, ‑шапчуся, ‑шэпчашся, ‑шэпчацца; зак.

Пагаварыць шэптам. Пакуль Раман вячэраў, жанчыны пашапталіся паміж сабой, і абедзве падышлі да стала. Чарнышэвіч.

пашапта́ць, ‑шапчу, ‑шэпчаш, ‑шэпча; зак.

1. што і без дап. Сказаць што‑н. шэптам, прашаптаць; пагаварыць некаторы час шэптам. Пашаптаць на вуха. □ [Паўлік] паклікаў Мікешку ўбок і нешта пашаптаў яму. Беразняк.

2. Уст. Сказаць замову. [Бабка:] — А вы ўсё сядзіце над гэтымі кнігамі. А яны сушаць чалавека. [Лабановіч:] — А ты, бабка, пашапчы, каб я ад іх адвярнуўся. Колас.

пашарава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пашараваць.

пашарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

1. Шаруючы, пачысціць, памыць. — Дайце вам плечы пашарую, — запрапанаваў свае паслугі Мікола Гнак. Колас. Дзед зняў з паліцы медны гаршчок, пашараваў да бляску анучай. Бядуля.

2. і без дап. Шараваць некаторы час.

паша́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Шаркаць некаторы час.

паша́ркваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Шаркаць злёгку, крыху або час ад часу. Пашаркваць нагамі.

пашарпа́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пашарпаць.

2. у знач. прым. Які знасіўся, падраўся ў выніку працяглага або нядбайнага карыстання, нашэння. Побач стаяў пашарпаны .. чамадан, па рагах абабіты жоўтаю скураю.. Броўка. Іван быў страшны: яшчэ больш ссутулены, бледны, у пашарпаным адзенні. Брыль.

пашарпа́цца, ‑аецца; зак.

Знасіцца, абадрацца ў выніку працяглага або нядбайнага карыстання, нашэння. Партфель пашарпаўся. □ Вокны [касцёла] вузкія ды высокія — гэта добра, вежы можна ўкараціць, зняць, верхавінкі, рэбры на іх відаць, бляха ўжо добра пашарпалася. Лобан.

пашарпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Знасіць, падраць у выніку працяглага або нядбайнага карыстання, нашэння. Пашарпаць паліто. Пашарпаць стол.

пашарэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў шэрым або больш шэрым. Нават выгляд залатога, крыху пашарэлага ад часу іржышча радаваў душу. Броўка. Праз акенца відзён пашарэлы сітаваты снег. Грахоўскі.