Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пачырвані́ць, ‑чырваню, ‑чырвоніш, ‑чырвоніць; зак., што.

Афарбаваць у чырвоны колер. Яшчэ толькі-толькі сонца паднялося з-за лесу і пачырваніла верхавіны сілцоўскіх хат. Гартны.

пачы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Чыркаць некаторы час. Мароз пачыркаў запалкай, папыхкаў. Лобан.

пачысце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць чыстым, чысцейшым. Нават бярозкі сталі прыгажэйшыя, і ўсё навокал пачысцела! Брыль. За некалькі дзён, старанна паголены, адмыты, Дзям’ян пачысцеў, на шчоках з’явілася ружовасць, блакітныя вочы пасвяжэлі, заблішчалі. Лупсякоў.

пачы́сціцца, ‑чышчуся, ‑чысцішся, ‑чысціцца; зак.

Пачысціць сваё адзенне, абутак. — Зменіш будзённае на святочнае, пачысцішся — адчуеш сябе неяк па-новаму. М. Ткачоў.

пачы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць чыстым, вычысціць. Пачысціць паліто. Пачысціць зубы. □ Мы пагаліліся, апранулі новыя гімнасцёркі, пачысцілі боты і пайшлі. Няхай.

2. Зняць, выдаліць непатрэбнае, рыхтуючы да чаго‑н. Пачысціць яблыкі на кампот. □ Якуб дастаў з ночваў ладнага шчупака, пачысціў яго, потым прынёс трэсак, пачаў рыхтаваць малым снеданне. Лупсякоў.

3. Разм. Аграбіць, абрабаваць. Чужынцы абадралі Мінск як ліпку, пачысцілі і ўсю Беларусь. Рамановіч.

пачыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.

1. Чытаць некаторы час. Кружалін вярнуўся з горада, запаліў лямпу і нарыхтаваўся пачытаць Гейнэ. Лужанін.

2. Разм. Чытаючы, пазнаёміцца са зместам, прачытаць. — А дзе ліст? Дайце мы пачытаем, — сказаў старшы. Крапіва.

пачы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Разм. Час ад часу, патроху чытаць. [Мікола:] — Ніякіх табе клопатаў: хлеба і селядцоў Семпалоўская падашле, а ты сядзі сабе да пачытвай кніжкі. Машара.

пачы́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пачысціць.

пачэ́знуць, ‑чэзну, ‑чэзнеш, ‑чэзне; пр. пачэз, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Памарнець, павянуць — пра ўсё, многае. Зусім пачэзлі выгодаўскія палоскі, што на ўзгорках паміж бору. Лынькоў. // Згубіць здароўе, знясілець — пра ўсіх, многіх.

2. Чэзнуць некаторы час. Зваліцца з ног, небарака, перакінуць яго [зняволенага] ў асобны катух, пачэзне там з тыдзень, ды і аддасць богу душу. Ляўданскі.

пачэ́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пачапіць.