пачуццёвасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць пачуццёвага. Пачуццёвасць погляду.
2. Схільнасць да пачуццёвай асалоды.
пачуццёвы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да задавальнення палавога пачуцця. Пачуццёвая асалода.
2. Схільны да задавальнення цялесных, фізічных пачуццяў. Пачуццёвы чалавек. □ А Волька дык уся свяцілася, лагодная, добрая, пачуццёвая і... нейкая вельмі блізкая. Лупсякоў.
пачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., каго-што і з дадан. сказам.
1. Успрыняць слыхам. Калі прачнуўся Міколка, то пачуў у горадзе страляніну. Лынькоў. Пачуў мужык званок і думае: «Ці не пагоня гэта?» Якімовіч. Перад самым світаннем [Вера] заснула так моцна, што не пачула, калі Аксіння Адамаўна паднялася і пайшла на кашару. Асіпенка.
2. і пра каго-што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. — Можа болей і не ўбачу, Не пачую, дзе ты. Колас. У той вечар .. [Сымон Чуйна] ведаў, што нездарма прыйшоў сюды: ён пачуў выразна пра свайго Рыгора. Чорны. [Бэсман:] Адкуль жа вам імя яго вядома? [Таццяна:] Імя? я першы раз ад вас пачула. Глебка.
3. Разм. Адчуць, успрыняць органамі пачуццяў. Дунаеў адразу зразумеў, што не звера пачула аўчарка. Шыловіч. Гена пачуў пах яе валасоў, пах касынкі ці плашча, — так пахнуць не то трава, не то мыла. Арабей. Потым, калі [Ганна] села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля кветачкі. Мележ.
4. Разм. Зразумець, усвядоміць. Тут нават бацька не стрымаўся І нечакана засмяяўся! Алесь пачуў — мінула ліха. Колас. [Яўхім] і так даволі цацкаўся з .. [Ганнай], хопіць далікацтва — трэба, нарэшце, узяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Мележ.
пачха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Чхаць некаторы час.
пачці́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць пачцівага. [Ганя], мабыць, вялікі начальнік, калі дырэктар яе слухае з такой пачцівасцю. Грамовіч. // Пачцівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. [Яраш] бадай пакутаваў, калі бачыў, што маладыя ўрачы баяцца яго і праяўляюць залішнюю пачцівасць, быццам ён сапраўды сівагаловы прафесар, сусветнае свяціла. Шамякін.
пачці́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Паважны, шаноўны, паважаны, добразычлівы. Сцяпана ведалі ўсе як пачцівага і даволі памяркоўнага чалавека. Кавалёў. // Які выказвае павагу, пашану да каго‑н. Сцяпанаў прывітаў .. [жанчыну] пачцівым паклонам. Васілевіч. У пачцівым маўчанні мы праслухалі мелодыю, што адбівалі званы. Краўчанка.
2. перан. Разм. Значны (аб адлегласці, памеры і пад.). Студэнты малодшых курсаў, якія ў час лекцый прыходзілі сюды на фізпрактыку, з пачцівай адлегласці разглядаючы пакуль што незразумелую ім канструкцыю, заўважалі, як яна з кожным днём змяняецца. Шахавец. Стоячы на даволі пачцівай адлегласці ад [дзяўчыны],.. я сціпла адказаў: — Дырэктар нам і загадаў, каб мы ўночы не адпусцілі дзяўчат адных, абавязкова праводзілі да самага дому. Дубоўка.
пачыкільга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пайсці пакульгваючы. Моцна грукаючы мыліцамі, Аляксей пачыкільгаў назад у палату. Карпаў.
пачыкіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
Разм. Тое, што і пачыкільгаць. Смірын падставіў плячо, і яны ўдвух пачыкілялі да шашы. Алешка. Вартаўнік, стары, кульгавы, апрануты ў чорную бурку з башлыком, .. пачыкіляў дамоў. Дайліда.
пачы́м, прысл.
Разм.
1. пытальнае. Колькі каштуе? Па якой цане? — Вам нічога Вольга не казала? — звярнуўся дзядзька да Марыны Сцяпанаўны. — Пачым яна тварог прадала? Корбан.
2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова ў даданым дапаўняльным сказе; адпавядае словам: «за якую цану», «колькі каштуе». Ён спытаў, пачым кілаграм сліў.
•••
Ведаць, пачым фунт ліха гл. ведаць.
пачы́н, ‑у, м.
1. Пачатая кім‑н., па чыёй‑н. ініцыятыве справа; пачынанне. Падтрымаць пачын наватараў. Патрыятычны пачын. □ Пачын брыгад камуністычнай працы — Вось ён — наступных дзён жывы пралог! Звонак.
2. Разм. Пачатак чаго‑н., якой‑н. справы. [Грабок:] — Глянь, колькі! Падахвоцілі і мяне на пачын за рыдлёўку ўзяцца. Краўчанка. Каля касы, як сталы, Грошы двойчы злічыў І падумаў: «Нямала, Хоць і першы пачын!» Матэвушаў.