пачу́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пачуць.
2. у знач. прым. Які пачулі або якога пачулі. Нечакана пачуты крык аб паратунку да болю сціснуў сэрца. Шыловіч. Гэта выразны шорах, напэўна, хада парушальніка, — асцярожная, з напружанай думкай не быць пачутым, выкрытым. Брыль.
3. у знач. наз. пачу́тае, ‑ага, н. Тое, што пачулі, аб чым даведаліся са слоў. Салаўёў быў узрушаны пачутым, як вельмі важнай і прыемнай навіной. Шахавец. Ад пачутага і ўбачанага памутнела ўваччу, ногі самлелі. Кірэйчык.
пачу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм.
1. Зак. да чухацца.
2. Чухацца некаторы час.
пачу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Зак. да чухаць.
2. Чухаць некаторы час.
•••
Пачухаць патыліцу — паклапаціцца, падумаць, як выйсці з цяжкага становішча.
пачу́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Час ад часу, злёгку чухацца.
пачу́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Разм. Час ад часу, злёгку чухаць. — А! брат ты мой! — ахаў Пракоп ды пачухваў патыліцу. Колас.
пачу́цца, ‑чуецца; зак.
1. Стаць чутным; загучаць. Недзе празвінела піла, пачуўся стук малаткоў, залязгалі гусеніцы крана. Гурскі. Быццам па сігналу, пачаў сціхаць людскі гоман, і ў цішыні раптам пачулася вуркатанне матора. Карпаў.
2. Разм. Адчуць сябе. Настаўнікі з вялікаю прыемнасцю выкупаліся, папесціўшы голае цела на гарачым пяску прыбярэжжа, асвяжыліся і пачуліся як не трэба лепей. Колас. А ці ёсць гарады, Каб зайшоў і адразу пачуўся, Быццам жыў тут заўжды, А сягоння з дарогі вярнуўся? Лужанін.
3. Разм. Адчуцца, успрыняцца органамі пачуццяў. Нейкая недабрата пачулася яшчэ з вясны: Марына часам злёгку тэмпературыла, слабела, яе адольвала стома. Марціновіч. І сцэна ажыла, — лісты затрапяталі, і ветрык зашумеў у бэзавых кустах, пачуўся нават ружаў пах. Корбан.
пачу́цце, ‑я, н.
Здольнасць адчуваць, успрымаць з’явы аб’ектыўнай рэальнасці. Органы пачуццяў.
пачу́ццевасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і якасць пачуццевага. Пачуццевасць успрымання.
2. Здольнасць успрымаць што‑н. органамі пачуццяў.
пачу́ццевы, ‑ая, ‑ае.
Які ажыццяўляецца або ўспрымаецца пры дапамозе органаў пачуццяў.
пачуццё, ‑я́, н.
1. Псіхічныя працэсы перажывання чалавекам сваіх адносін да навакольнага свету. Пісьменніку [П. Пестраку] ўдалося .. намаляваць яркі вобраз маладой жанчыны Аксені, паказаць складаную гаму чалавечых пачуццяў. Гіст. бел. сав. літ. Ад думак і пачуццяў, якія авалодалі ім, Клім ужо не мог спакойна ўседзець на месцы. Шахавец. // Усведамленне, адчуванне чаго‑н. Пачуццё ўласнай годнасці. □ Толькі пачуццё абавязку стрымлівае .. ад жадання бегчы ўслед за сябрамі. Брыль. Я. Колас імкнуўся абудзіць у літаратурнай моладзі пачуццё адказнасці за сваю справу. Адамовіч.
2. чаго або якое. Псіхічны стан або фізічнае адчуванне чалавека. Мікола слухаў, еў грэбліва і ніяк не мог перамагчы ў сабе ўсё ўзрастаючае пачуццё агіды. Брыль. Светлае і невыказна радаснае пачуццё запоўніла душу Віктара. Шчарбатаў. Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі. Якімовіч.
3. Знешняе праяўленне душэўнага пад’ёму, усхваляванасці. Спявала [Ядвіся] з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі добрае і прыемнае ўражанне. Колас. Пра свае горкія перажыванні .. [Акіліна] гаворыць вельмі скупа, але ўкладвае ў свае словы вялікае пачуццё: «Не я па зямлі хадзіла, а зямля па мне». Шкраба.
4. Каханне, сімпатыя, прыхільнасць да каго‑н. [Сіўцоў:] — Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё. Краўчанка. Я не ведаў, ці мне ў нейкім забыцці, быццам мармуровую багіню, цалаваць яе, ці адвярнуцца ад яе і захаваць у сэрцы маладое, шчырае пачуццё... Бядуля.
•••
Пачуццё локця — пачуццё сяброўства і ўзаемнай падтрымкі.
Пачуццё меры — адчуванне патрэбных межаў у якіх‑н. учынках, дзеяннях.