Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пачкава́цца, ‑куецца; незак.

Размнажацца пачкаваннем.

па́чкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дачка (у 1 знач.), дачкі (у 1 знач.).

пачмы́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Чмыхаць некаторы час. Грышка асцярожна вылез з гушчару, пачмыхаў носам, нібы абнюхваючы паветра. Якімовіч.

пачмы́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Час ад часу, злёгку чмыхаць. Пракоп па двары тупае.., ды толькі пачмыхвае носам. Колас.

пачо́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і пачастунак. Вось унучкі Сталы засцілаюць, А дачушкі Пачостку стаўляюць. Вітка. Вялікага вяселля не рабілі, але і не бедніліся: і пачостка добрая была, і вечарынка з музыкамі і скокамі... Васілевіч.

пачува́нне, ‑я, н.

Разм. Адчуванне. Гэтыя думкі парушылі спакой Лабановіча і пакінулі пачуванне нейкага нездавальнення і непрыемнасці. Колас. Без пачуванняў, імкненняў, страсцей Сталі б каменнымі сэрцы ў людзей. Чарнушэвіч.

пачува́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Тое, што і пачуваць. Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Колас.

пачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Адчуваць. Хоць камандуючаму ўжо трэцюю ноч амаль не даводзілася спаць, ён пачуваў сябе добра. Мележ. [Агурскі:] — А як пачуваеш сябе — не хворая? Можа стамілася? Можа цяжка табе? Скрыган. Пачуваў сябе сёння Аляксей імяніннікам, які мае права цешыцца сам і цешыць другіх. Карпаў.

пачу́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пачуляў. Пачулевы пах. // Які здабываецца з пачуляў. Пачулевы спірт.

пачу́лі, ‑яў; адз. няма.

1. Невялікая трапічная расліна сямейства губакветных з пахучымі лісцямі і галінамі, якая цвіце дробнымі белымі або фіялетавымі кветкамі.

2. Эфірны алей з вельмі моцным пахам, атрыманы з лісцяў і галін гэтай расліны.