надзе́я, ‑і, ж.
1. Чаканне чаго‑н. добрага, якое спалучаецца з упэўненасцю ў тым, што яно збудзецца. Светлая надзея. Цвёрдая надзея. Страціць надзею. □ Столькі болю і столькі надзеі ў яе [дзяўчынкі] не па ўзросту сталых вачах. Брыль. Надзея выжыць тут, у лагеры смерці, амаль што канчаткова пакінула.. [палонных]. Быкаў.
2. Той або тое, на каго, на што можна спадзявацца, апірацца. Мір — вялікая надзея простых людзей усёй планеты. «Звязда». Бацька і маці выхоўвалі сына. Сын быў уцехай, надзеяй адзінай. Дубоўка. Вось і лес, і стажок сена каля лесу. Гэта іх стажок, іх гордасць і надзея. Колас.
•••
Падаваць надзеі гл. падаваць.
У надзеі — спадзеючыся.
Ускладаць надзеі гл. ускладаць.
надзённасць, ‑і, ж.
Уласцівасць надзённага; важнасць, актуальнасць. Надзённасць праблематыкі.
надзённы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае важнае жыццёвае значэнне, неабходны; актуальны. Надзённае пытанне. Надзённыя задачы. Надзённыя патрэбы.
2. Які бывае кожны дзень. Не было маёй вёскі, бацькоў і тысячы надзённых клопатаў. Карпюк.
•••
Надзённы хлеб гл. хлеб.
надзёншчына, ‑ы, ж.
Разм. Надзённыя клопаты; тое, што бывае кожны дзень. Аднастайнасць надзёншчыны.
надзёрты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад надзерці.
надзёўбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да надзяўбці, надзяўбаць.
надзі́ва, прысл.
Разм. Надзвычай; надта, вельмі. Гарнітур з-пад іголкі, І кашуля з узорам надзіва. Броўка. Восень у той год выдалася надзіва цёплая, ясная. Карпаў. Быў .. [Косця] надзіва маўклівы і вельмі старанны. Даніленка.
надзіва́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
Разм. Зрабіць які‑н. дзівацкі ўчынак.
надзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак., на каго-што, з каго-чаго, чаму і без дап. (звычайна з дзеясл. «магчы» і адмоўем).
Многа, уволю падзівіцца. Усе, каму здаралася бачыць .. [пінгвінаў], не маглі надзівіцца на гэтых птушак. Маўр. Несучы .. наладжаную частку [машыны] у гараж, Семігон не мог надзівіцца ўмельству звычайнага каваля, такога здатнага самавучкі. Кулакоўскі.