Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паштальёнскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да паштальёна. Паштальёнская сумна. Паштальёнскае адзенне.

пашта́мт, ‑а, М ‑мце, м.

Галоўная паштовая ўстанова горада. [Грыбаў:] Мяцежнікі спрабавалі адбіць паштамт і тэлеграф. Мележ.

пашта́мцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паштамта. Паштамцкі служачы.

пашта́р, ‑а, м.

Разм. Тое, што і паштальён. Амаль кожны дзень стаў паштар насіць Кулінцы пісьмы. Ермаловіч.

пашта́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да паштар.

пашта́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паштара, пошты. Паштальён — тая прафесія, што дазваляе, як кажуць, увайсці ў кожны дом. У гэтым плане журналістыка — у нечым роднасная паштарскай. «Звязда».

паштма́йстар, ‑тра, м.

Уст. Кіраўнік паштовай канторы.

пашто́вы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з поштай, з перасылкай пісьмаў, пасылак, грошай і пад. Паштовая сувязь. Паштовае агенцтва. □ Мне трэба .. напісаць пісьмо аднаму чалавеку, але я не ведаў, ці ёсць там у іх паштовае аддзяленне, ці трэба пісаць на горад. Чорны. // Прызначаны для адпраўленняў па пошце (пісьмаў, пасылак і пад.). Паштовыя маркі. Паштовы поезд. Паштовая скрынка. // Які абслугоўвае пошту. Паштовы служачы.

пашто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Паштовая картка для адкрытага пісьма; паштовая картка з якім‑н. малюнкам. [Юзік:] Напісаў я табе з дарогі адну паштоўку, ды, мусіць, яна не дайшла да цябе. Крапіва. У пралёце стаялі сталы з раскладзенымі на іх кнігамі, сшыткамі, школьнымі дзённікамі, маляўнічымі паштоўкамі. Карпаў. — Цяпер пабудаваны новы горад. Ды я магу вам паштоўкі паказаць, у мяне акурат ёсць з відамі Мінска. Арабей. // Разм. Фатаграфічная картка такога памеру. [Дошка гонару] была невялікая памерам, і фотакарткі на ёй таксама былі невялікія — звычайныя паштоўкі. Васілёнак.

пашту́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Штурхацца некаторы час. Дзеці трохі пакідаліся снежкамі, трохі паштурхаліся.., каб сагрэцца. Паўлаў.