Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасвяці́ць 1, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.

1. Свяціць, асвятляць каго‑, што‑н. некаторы час. [Камандзір] запаліў ліхтарык, пасвяціў. Бачу, ласуецца наша пушыстая даўгахвостка [лісіца] смажанай курыцай. Няхай. [Пракоп:] — Вазьмі сярнічкі. Пасвеціш мне. Баранавых.

2. Свяціцца, блішчаць некаторы час.

пасвяці́ць 2, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак., каго-што.

1. Правесці абрад, паводле якога надаецца каму‑, чаму‑н. святасць. [Старыя з папом] прайшлі ўсю вуліцу і выйшлі на поле, каб пасвяціць яго. Сабаленка.

2. у што. Пазнаёміць з чым‑н. патаемным, што не ўсім вядома. Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.

3. у каго. Уст. Пры дапамозе пэўных абрадаў надаць які‑н. духоўны сан, якое‑н. званне.

пасвяча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пасвяціцца.

2. Зал. да пасвячаць.

пасвяча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пасвяціць 2 (у 2, 3 знач.).

пасвячо́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пасвяціць ​2.

пасвячэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасвячаць — пасвяціць ​2 (у 2, 3 знач.).

пасе́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Праводзіць час, седзячы дзе‑н. Міканор з Іванам калі і паседжваюць, бывае, цяпер удваіх, то ўспамінаюць.. [Нічыпара] добрым словам і нават адчуваюць, што некага ім не хапае. Кулакоўскі.

пасезо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца, праводзіцца па сезонах. Пасезонныя работы.

па́сека, ‑і, ДМ ‑сецы, ж.

1. Высечаная, выкарчаваная дзялянка лесу. Перад.. [Алёшкавымі] вачыма вырасла шырокая прагаліна — пасека. Якімовіч. Пасеку раскарчоўвалі і на ёй засявалі жыта, ярыну. Колас.

2. Поле на месцы выкарчаванага лесу. Дзе мой [селяніна] капне пот, — Дзірван, пасека Шуміць коласам, Урадлівасцю. Купала.

3. Месца, дзе размешчаны вуллі з пчоламі і спецыяльныя будынкі. Побач, у маладым яблыневым садку, была калгасная пасека, а там — гаспадарчыя будынкі, школа, млын. Кулакоўскі. [Пчолы] неслі ўзятак на новыя пасекі ў свае даўно абжытыя вуллі. Грахоўскі.

пасе́кчы,

гл. пасячы.

пасе́кчыся,

гл. пасячыся.