Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паража́льны, ‑ая, ‑ае.

Здольны паражацца чым‑н.

паража́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да паразіцца.

2. Зал. да паражаць.

паража́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да паразіць.

паражня́к, ‑у, м.

Разм. Чыгуначны састаў без грузу; пустыя вагоны, ваганеткі, вазы. Важна было толькі дазнацца, што за эшалон: магчыма, паражняк куды пераганяўся, а можа і з грузам, ды нязначным. Кулакоўскі. Насустрач нагружаным фурманкам спяшаліся паражнякі. Стаховіч.

паражняко́м, прысл.

Разм. Без грузу, без паклажы, без пасажыраў. Калі вярталіся хлопцы паражняком, .. [Надзя] хуценька загружала іхнія насілкі. Грахоўскі. Ля нас паражняком праскочыла грузавая машына, а ззаду марудна цягнулася, ляскочучы на ўвесь лес, фурманка. Адамчык.

паражо́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паразіць.

паражэ́нец, ‑нца, м.

Прыхільнік паражэнства.

паражэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. паражаць — паразіць (у 1 знач.).

2. Поўны разгром праціўніка, пазбаўленне яго баяздольнасці. Паражэнне нямецкіх войск пад Масквой. □ [Шорнер:] Не змог сцярпець я гэта паражэнне — І сам данёс пра наша адступленне. Бачыла. // Няўдача, пройгрыш у чым‑н. Пацярпець паражэнне ў шахматным турніры. □ Кожны адчуваў ва ўчынку Андрэя маральнае паражэнне пана Глюгі і таму цешыўся. Пестрак. // Разгром грамадска-палітычнага руху, няўдача ў палітычнай барацьбе. Паражэнне рэвалюцыі. Паражэнне паўстання.

3. Пашкоджанне, змяненне ў тканцы, органе і пад., выкліканае якой‑н. хваробай. Паражэнне сардэчна-сасудзістай сістэмы.

паражэ́нства, ‑а, н.

1. Палітыка, накіраваная на паражэнне ў вайне ўрада сваёй краіны.

2. Настрой асобы або групы людзей, які праяўляецца ў песімістычных адносінах да якой‑н. ідэі, думкі, да магчымасці здзяйснення чаго‑н. і пад.

паражэ́нчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паражэнца, паражэнства. Паражэнчы настрой.