Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўто́птваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паўтоптваць.

паўто́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Утаптаць усё, многае. Паўтоптваць лісце ў зямлю.

паўто́р, ‑у, м.

1. Тое, што і паўтарэнне (у 2 знач.). У творах ранняга пісьменніка [Кузьмы Чорнага] нярэдка можна сустрэць .. сказы абцяжаранай канструкцыі, слоўныя паўторы. Кудраўцаў.

2. Спец. Прыём у мастацкай мове, які заключаецца ў паўтарэнні аднолькавых гукаў або іх спалучэнняў у адпаведнай паслядоўнасці. Да ліку былінна-песенных трапаў можна аднесці паўторы: «звоняць, звоняць камары ў цёмным лесе», «што ж стары панік ты, галаву спусціў ты». У. Калеснік.

паўто́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць паўторнага (у 1 знач.).

паўто́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які робіцца, адбываецца другі раз. Рашчэня нямала пастараўся і праявіў вынаходлівасці, каб правесці камісію міма трактара, які заставаўся для паўторнага рамонту. Шамякін. Галавач звярнуўся ў выдавецтва з просьбай, каб яму далі кнігу Хадыкі на паўторную рэдакцыю. Хведаровіч.

2. Прызначаны для паўтарэння чаго‑н. (засвоенага, пройдзенага). Паўторныя практыкаванні.

паўто́ўсты, ‑ая, ‑ае.

Спец. Тое, што і паўтлусты.

паўтраця́, нескл., ліч. кольк.

Разм. уст. Два з палавінай. Свінчо невялікае ды худаватае, так пуда на паўтраця можа. Крапіва.

паўтры́зненне, ‑я, н.

Хваравіты, ліхаманкавы стан, блізкі да трызнення. Іван Пракопавіч чуе знаёмыя галасы ў пярэдняй, потым над сабой, але не можа вырвацца з паўтрызнення. Навуменка.

паўту́зіна, м.

Палавіна тузіна, шэсць штук. З малінніку з гоманам выскачыла з паўтузіна хлапчукоў. Хадкевіч.

паўту́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Утуліць усё, многае. Немцы яшчэ больш згорбіліся, паўтульвалі галовы ў настаўленыя каўняры шынялёў... Сіняўскі.