Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўсыха́ць, ‑ае; зак.

У сохнуць — пра ўсё, многае. Яблыні паўсыхалі. □ На былым падворку ўсё яшчэ ўзвышалася знаёмая лістоўніца, але і яе не абмінуў пажар — ніжняе голле паўсыхала, зялёная пакуль была адна макаўка, ды і тая пачала ўжо вянуць. Чыгрынаў.

паўсю́дна, прысл.

Усюды. На фабрыках і заводах ствараліся рабочыя камітэты, паўсюдна ўводзіўся васьмігадзінны рабочы дзень. П. Ткачоў.

паўсю́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць паўсюднага.

паўсю́дны, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца, бывае ўсюды. Паўсюдная ўборка бульбы.

паўсядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; ‑сядзім, ‑седзіце; незак.

Сядзець, далёка адкінуўшыся і абапіраючыся на што‑н.

паўсядзённасць, ‑і, ж.

Уласцівасць паўсядзённага. Проза ў адрозненне ад паэзіі патрабавала аб’ёмнага паказу жыцця з падрабязнасцямі побыту, паўсядзённасці, нораваў, характараў. Навуменка.

паўсядзённы, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца кожны дзень, дзень пры дні; штодзённы, пастаянны. Старэйшыя таварышы — камуністы — аказвалі паўсядзённую ўвагу камсамольскаму падполлю, вучылі юнакоў і дзяўчат рэвалюцыйнай практыцы барацьбы. Дзенісевіч. Гэтыя радкі гавораць аб тым, што ў асобе Горкага Хвядос Шынклер бачыў свайго настаўніка, у яго вучыўся бачыць прыгожае і ўзнёслае ў паўсядзённых працоўных буднях, у людзях працы. Арабей.

паўсяме́сны, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца, праходзіць усюды. У гады барацьбы за паўсямесную калектывізацыю, калі наша сельская гаспадарка была недастаткова насычана тэхнікай, ствараліся невялікія калгасы, якія поўнасцю стасаваліся да мінулых умоў. «Беларусь».

паўсярэ́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які займае прамежкавае становішча паміж лёгкім і сярэднім (пра вагавую катэгорыю ў спорце).

2. Які знаходзіцца паміж крайнім і цэнтральным ігракамі нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандзе.

паўтара́, м. і н.; паўтары́, ж., ліч. кольк.

Адзін з палавінай. Паўтара метра. Паўтара рубля. □ Сяло расцягнулася ў адну доўгую лінію кіламетра на паўтара. Колас. Ад будкі, у якой жыве Сцяпан Птах, паўтары вярсты да станцыі і вярста да мястэчка. Навуменка.

•••

Ні два ні паўтара гл. два.