паўсляпы́, ‑ая, ‑ое.
Амаль сляпы, не зусім сляпы. Паўсляпы чалавек.
паўсме́рць, ‑і, ж.
У выразе: да паўсмерці — вельмі моцна. [Аўдоля:] — А ці праўда гэта, што яны Алеся збілі да паўсмерці? Крапіва. Кахаў аж да паўсмерці І да паўзабыцця... Кляўко.
паўсміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Усміхацца некаторы час. Паслухалі прафесары, пазатыкаўшы вушы, паўсміхаліся і параілі ехаць мне дадому ды іграць на вечарынках. Кулакоўскі.
паўсо́н, ‑сну, м.
Стан, блізкі да сну; дрымота. Стомленасць працінае ўсё цела, пот залівае спіну. Усё плыве нібыта ў тумане ці ў паўсне... С. Александровіч.
паўсо́нны, ‑ая, ‑ае.
Які засынае або не зусім прачнуўся. // Уласцівы таму, хто засынае або яшчэ не зусім прачнуўся. Паўсонны голас.
паўсо́тні, ж.
Палавіна сотні, пяцьдзесят. Чалавек з паўсотні сялян завіхаліся з лапатамі, з граблямі, з мётламі. Лынькоў.
паўсо́тня 1, ‑і; Р мн. ‑яў; ж.
Тое, што і паўсотні. Паўсотня, не больш, кіламетраў аддзяляе Завоссе — радзіму Адама Міцкевіча — ад Мікалаеўшчыны — радзімы Якуба Коласа. Лойка. Калісьці тут, каля Друці, Паміж лясоў дрымучых, Паўсотня згорбленых хацін Стаяла па-над кручай. Жычка.
паўсо́тня 2, ‑і; Р мн. ‑яў; ж.
Палавіна сотні як вайсковая адзінка казацкага войска ў дарэвалюцыйнай Расіі.
паўспаміна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Успомніць усё, многае або ўсіх, многіх.
2. і без дап. Успамінаць некаторы час. Потым мы паўспаміналі даваеннае жыццё, пагаварылі пра Данусю, і я пайшоў. Карпюк.
паўспіра́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Разм. Усперціся — пра ўсіх, многіх. Паўспіраўшыся локцямі на маленькі столік, штосьці як бы разглядалі на ім чатыры дзяўчыны. Чорны.
паўсплыва́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
Разм. Усплыць — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. А калі апала на ваду [пяро], — Пасінелі, зашумелі хвалі, .. І сузор’і лілій паўсплывалі... Танк.