паўрублёвы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Вартасцю ў паўрубля. Паўрублёвая манета.
паўрублёўка, ‑і, ДМ ‑ўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.
Разм. Манета вартасцю ў паўрубля. А калі б наліла яму гаспадыня начоўкі цёплай вады, калі б яшчэ паклала туды сярэбраную паўрублёўку, як гэта ў пэўныя часы рабіла мая маці, то павесялеў бы чалавек ад такога ужывання і адразу памаладзеў бы. Кулакоўскі.
паўрубля́, м.
Тое, што і паўрубель. І раз чалавек ужо заявіўся з вёскі ў горад,.. — абыдзе сталоўкі, магазіны, а потым, пад канец дня, яшчэ і на станцыю адлучыцца, асабліва калі на падводзе: можна па дарозе за якога паўрубля падвезці каго. Чыгрынаў.
паўсагну́ты, ‑ая, ‑ае.
Трохі, не зусім сагнуты. Рукі ў .. [цёткі] былі агрубелыя, з паўсагнутымі калянымі пальцамі. Хадкевіч.
паўса́льны, ‑ая, ‑ае.
Напалавіну сальны, не мясны і не сальны (пра пароду свіней).
паўсамату́жны, ‑ая, ‑ае.
Амаль саматужны, не зусім саматужны.
паўсве́ту, м.
Палавіна свету. Штогод аж з цэлага паўсвету, З глушы і не з глушы, З’язджаліся ў сяло на лета Мае таварышы. Астрэйка.
паўсінтэты́чны, ‑ая, ‑ае.
Створаны на аснове сінтэзаваных хімічных рэчываў з выкарыстаннем натуральнай сыравіны. Паўсінтэтычныя тканіны.
паўска́кваць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
Ускочыць — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Хлопчыкі паўскаквалі з месц і ўраз апынуліся каля паляўнічага. Гамолка. Партызаны паўскаквалі на падводы, трывожна ўглядаліся ў ранішнюю далячынь. Жычка. На вадзе паўскаквалі бурбалкі. Грахоўскі.
паўскіда́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паўскідаць.