Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўназна́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае самастойнае значэнне; знамянальны (у 3 знач.). Паўназначныя часціны мовы.

паўнакро́ўнасць, ‑і, ж.

1. Павелічэнне масы крыві ў сасудах усяго цела або ў якой‑н. яго частцы, органе.

2. Уласцівасць паўнакроўнага (у 2 знач.). Сярод іншых твораў апошніх год твор І. Шамякіна вылучаецца паўнакроўнасцю характараў, якія малюе пісьменнік. Кучар.

паўнакро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вылучаецца паўнакроўнасцю (у 1 знач.), хворы ад лішку крыві.

2. Здаровы. Мельнік быў паўнакроўны мужчына гадоў сарака пяці. Гамолка. // перан. Насычаны, змястоўны, багаты на ўражанні, падзеі і пад. Усё вакол жыло паўнакроўным, шчаслівым жыццём. Краўчанка.

паўнале́тні, ‑яя, ‑яе.

Які дасягнуў паўналецця. [Лабыш:] Ну, бяры свае паперы: ты ўжо паўналетняя і павінна сама здымаць працэнты. Козел.

паўнале́цце, ‑я, н.

Узрост, калі чалавек дасягае фізічнай і духоўнай сталасці і атрымлівае грамадзянскія правы. Душа .. [Магдалены] імкнулася да чагосьці яшчэ невядомага ёй, у што яна верыла і чаго чакала.. Падрасце Ганніна дзіця, дарасце да паўналецця Галена, і праз два гады вернецца ўжо зусім сталы Кастусь. Чорны.

паўнаме́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае поўную меру. Паўнамерная бутэлька. Паўнамерны абутак.

паўнамо́цны, ‑ая, ‑ае.

Надзелены якімі‑н. паўнамоцтвамі. Паўнамоцны пасол. □ У свой час любоў да народа вылучыла вялікага песняра польскага нацыянальна-вызваленчага руху Адама Міцкевіча песняром братэрства, .. зрабіла паўнамоцным прадстаўніком усяго славянства. Лойка.

паўнамо́цтва, ‑а, н.

Права, дадзенае каму‑н. на што‑н. Дэпутацкія паўнамоцтвы. □ Ён ужо дакарае сябе, што пагарачыўся. Паўнамоцтваў крычаць .. [Веньяміну] ніхто не даваў. Навуменка. [Штрыпке:] — Я вам даю, у даным выпадку, поўную свабоду і паўнамоцтвы рабіць усё, каб наладзіць працу ў дэпо. Лынькоў.

паўнапра́ўе, ‑я, н.

Валоданне ўсімі законнымі правамі. Паўнапраўе жанчын у СССР.

паўнапра́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць паўнапраўнага; паўнапраўе.