Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паўкусто́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае ніжнюю частку драўняную і верхнюю травяністую (пра расліны).

паўлада́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Уладарыць некаторы час.

паўлада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Уладаць некаторы час. [Бухча:] Каб толькі хутарам паўладаць мог я яшчэ. Чорны.

паўладко́ўвацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Разм. Уладкавацца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Цяпер першачарговай стала задача выкрыць ворагаў Савецкай улады, якія паўладкоўваліся на работу ў савецкія ўстановы і там вялі тайную падрыўную дзейнасць. «Полымя».

паўладко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Уладкаваць усіх, многіх або ўсё, многае. Паўладкоўваць на работу. Паўладкоўваць усе справы.

паўла́зіць, ‑зіць; ‑зім, ‑зіце, ‑зяць; зак.

Улезці — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Лаўлазіць у вагон. Паўлазіць у даўгі.

паўлега́льны, ‑ая, ‑ае.

Не зусім легальны; напалавіну легальны. Паўлегальная газета. □ Дзякуючы Рыгору была праведзена паўлегальная кампанія збору падпіскі на газету «Праўда». Гартны.

паўлёгкі, ‑ая, ‑ае.

Які займае прамежкавае становішча паміж лёгкім і найлягчэйшым (пра вагавую катэгорыю ў спорце).

паўлі́н, ‑а, м.

Вялікая паўднёваазіяцкая птушка з стракатым апярэннем і доўгім веерападобным хвастом (у самцоў). Невядома, навошта такія прыгожыя, так багата прыбраныя паўліны час ад часу вельмі дзіўна крычаць, задраўшы раскрытыя дзюбы — у нейкім салодкім адчаі... Брыль.

паўлі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паўліна, належыць яму. Паўлінавае пяро.